Аляксандр Лукашэнка ўнёс папраўкі ва ўказ “Аб Агульнавайсковых статутах Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь”. Напрыклад, змены адбыліся ў Статуце ўнутранай службы, якія тычацца ўжывання вайскоўцамі зброі супраць грамадзян. Калі раней вайскоўцы былі абавязаныя не толькі папярэджваць аб ужыванні зброі, але і страляць у паветра, то цяпер папераджальны стрэл не патрабуецца.

Асобна дададзена, што зброя можа ўжывацца супраць тых, хто здзяйсняе адміністрацыйнае правапарушэнне.
Акрамя таго, раней у статуце гаварылася, што “ўжыванне вайскоўцамі фізічнай сілы, спецыяльных сродкаў, зброі, баявой і спецыяльнай тэхнікі з перавышэннем паўнамоцтваў цягне адказнасць, устаноўленую заканадаўчымі актамі”. Цяпер, наадварот, падкрэсліваецца, што вайскоўцы не будуць несці адказнасць за шкоду, прычыненую грамадзяніну, калі фізічная сіла, спецсродкі або зброя ўжываліся ў адпаведнасці са статутамі.






