BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Лукашэнка падпісаў закон аб СМС-позвах у войска, ухілістам узмацнілі пакаранне

Аляксандр Лукашэнка 3 красавіка падпісаў закон «Аб змяненні законаў па пытаннях забеспячэння нацыянальнай бяспекі». Дакумент з’явіўся ў афіцыйнай публікацыі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 6 красавіка, заўважыла «Люстэрка». Ён уключае шмат важных змяненняў, якія датычацца ваеннай службы і мабілізацыі.

Паводле паправак, ставіць маладых людзей на воінскі ўлік будуць цяпер не з 16, а з 17 гадоў. Выклікаць грамадзян у ваенкамат, у тым ліку пры мабілізацыі, можна будзе не толькі папяровай позвай, але і простым СМС-паведамленнем. А папяровыя позвы зараз могуць падпільнаваць прызыўніка не толькі дома, але і наогул у любым месцы.

Закон робіць больш жорсткай адказнасць за ўхіленне ад мерапрыемстваў па прызыву на службу ў войску і за няяўку ў ваенкамат. За ўхіленне ад войска можна будзе атрымаць ужо не два, а тры гады пазбаўлення волі або «хіміі». А штрафы вырастуць у некалькі разоў.

У ваенкамаў будзе права абмяжоўваць выезд з Беларусі грамадзян, якія «парушаюць абавязкі па вайсковым уліку і ўхіляюцца ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу» — цяпер гэта тычыцца ўхілістаў не толькі ад тэрміновай службы і службы ў рэзерве, але і тых, хто ўхіляецца, напрыклад, ад ваенных і спецыяльных збораў.