Аляксандр Лукашэнка пазбавіў звання некаторых экс-сілавікоў, якія ў 2020 годзе перайшлі на бок народа.

Адпаведны ўказ №425 “Аб пазбаўленні вайсковых (спецыяльных) званняў” ён падпісаў 18 лістапада. Званняў пазбаўлены 21 чалавек — гэта былыя вайскоўцы і супрацоўнікі розных сілавых ведамстваў (асобы начальніцкага складу).
Паведамляецца, што ініцыятыва пра пазбаўленне званняў сыходзіла ад кіраўнікоў сілавых ведамстваў.
Гэта не першы выпадак, калі Лукашэнка пазбаўляе званняў сілавікоў, якія ў 2020 годзе выступілі за сумленныя дэмакратычныя выбары. У 2021-м ён пазбавіў званняў больш за 80 чалавек, прыкладна столькі ж трапілі пад указ у 2022 годзе.