BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Махлярства на «экстрэмізме»

У Беларусі з’явіўся новы від выцягвання грошай з даверлівых людзей. Гэтым разам вам паведамляюць, што ведаюць усе «экстрэмісцкія» сайты, якія вы наведалі ад 2020 году, і што за 20 еўра інфармацыя можа быць знішчаная.

Самае галоўнае для мяне ў апісанай сітуацыі тое, што махляры ўскосна пацвярджаюць, што практычна ўсе беларусы, якія карыстаюцца інтэрнэтам, заходзілі на «экстрэмісцкія» рэсурсы.

Па-першае, «экстрэмісты» множацца штотыдзень. І нават спецыялісту цяжка адсачыць сто працэнтаў пляцовак у сеціве, якія ўжо ператварыліся ў аналаг міннага поля. Што ўжо казаць пра астатніх людзей.

Па сабе ведаю, што калі мне ў следчым камітэце прад’явілі раздрукоўку з фэйсбуку, дзе я перапосціў ролік з подпісам «совковое быдло», за што мне гразілі калоніяй, толькі тады я ўзгадаў пра гэты перапост. Пры тым, што я імкнуўся не даваць нагоды для майго пераследу, і персанальна ад сябе не пісаў нават намёку на лаянкавае слова.

А цяпер што пішуць махляры: «Ваша активность в экстремистских группах привлекла мое внимание. Вынужден сообщить, что у вас могут возникнуть проблемы с законом. Конкретно в вашем случае дело будет возбуждено по статье 361-4 УК РБ «Содействие экстремистской деятельности». Я понимаю, что такое наказание как пять лет тюрьмы не соответствует тяжести вашей вины. Поэтому предлагаю свою помощь: всего лишь за 20 евро я помогу «забыть» найденную информацию».

І каб вы не сумняваліся надта доўга, махляр сканчае свой ліст словамі: «Заранее предупреждаю, что удалять информацию и закрывать свою страницу поздно: вся информация о вашей активности с 2020 года уже давно собрана и находится в моей базе».

Усе мы ведаем пра «лісты нігерыйскіх прынцаў», званкі нібыта службаў бяспекі банкаў, пужанне нібыта прагляданай парнаграфіяй, а вось ашуканства з заходам на тэрыторыю лукашэнкаўскіх «сілавікоў» – справа досыць новая.

Адносна нядаўна невядомыя ладзілі ў беларускай кабеты ператрус, нібы ад імя КГБ, а адна пенсіянерка аддала махлярам свае грошы праз рэкламу ад імя прапагандыста Азаронка.

Тут жа мы бачым фактычна прапанову «адмазкі» ад законнага пакарання. І я не здзіўлюся калі з таго боку могуць быць рэальныя міліцыянты ці кэгэбісты, якія ў такі спосаб зарабляюць.

Гэта старая тэма – калі людзі з «органаў» выкарыстоўваюць атрыманую на рабоце інфармацыю для ўласнага ўзбагачэння.

Так ці інакш, калі на дыктатуры пачынаюць зарабляць пазасістэмна, значыць дыктатура ад пачатку была нетрывалай. А там дзе кіруе матэрыяльная выгада, ворага перамагаць прасцей.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя