BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Майя Церакулава: Беларускія лекары з’язджаюць за мяжу ад безвыходнасці

Госця Рацыі — беларуская лекарка Майя Церакулава. Гутарым з ёй пра медыцыну, умовы і заробак дактароў — у Беларусі і Польшчы.

Майя Церакулава

РР: Не так даўно новы міністр аховы здароўя выказаўся пра ўмовы для медыкаў і пра заробкі. Была нават такая лічба названая – трохі больш за 3000 рублёў. Вы, як чалавек які працаваў у гэтай сферы, магчыма падтрымліваеце кантакты са сваімі калегамі. Ці праўда гэта? І што трэба зрабіць, каб атрымаць такі заробак звычайнаму медыку?

Майя Церакулава: У ўчастковага педыятра няма шанцаў столькі зарабіць, нават калі ён будзе працаваць на дзве стаўкі з начнымі дзяжурствамі. Мне здаецца, што такі заробак можа быць хіба ў хірургаў вышэйшай кваліфікацыі, або 20 гадоў стажу, або хто працуе з чымсьці інфекцыйным, можа яшчэ судзебныя эксперты, праца ў інфекцыйных бальніцах. Штосьці такое. Але ўчастковы педыятр у паліклініцы дакладна столькі не атрымлівае.

РР: Я так разумею, што ў прынцыпе хто б ні працаваў у паліклініцы, у гэтым першыя звяне, наўрад ці будуць мець такія заробкі.

Майя Церакулава: Хіба што можа галоўны ўрач.

РР: Хачу ў вас спытаць яшчэ пра ўмовы. Вы казалі ў нейкім інтэрв’ю пра тое, што каб зарабіць хоць нешта, штосьці прыстойнае, каб жыць на гэтыя грошы, трэба літаральна праводзіць цэлы дзень на працы. Спачатку на прыёме, потым наш дзіўны абыход па дамах. Магчыма вы можаце распавесці па свой досвед, як гэта працавала.

Майя Церакулава: Ты прыходзіш на працу ў 8 раніцы і сыходзіш 8 вечара. У мяне заўсёды былі няні, якія дапамагалі мне з дзецьмі. Таму што забраць дзіцё з садка ў 5 вечара не было як. Па дакументах у мяне працоўны дзень нібыта мусіць закончыцца ў 16.00, але ніколі так не заканчваўся. Проста не можаш сысці і пакінуць пад кабінетам 20 чалавек. А чарга хворых будзе абавязкова. Калі прыйсці ў раённую паліклініку і праверыць запіс людзей, то пабачыш, што запіс адбываецца на кожныя 5 хвілін. Асабліва ў сезон грыпу. Гэта ж немагчыма за 5 хвілін кожнага апытаць, аглядзець. Канешне, я буду прымаць і 10, і 15, а можа і 30 хвілін, і гэта ўсё сумуецца. Людзі сядзяць і чакаюць у чэргах гадзінамі. Злымі робяцца. А для мяне гэта значыць, што мой працоўны дзень павялічыцца на 2-3-4 гадзіны.

РР: І я так разумею, што гэта не той выпадак, калі паліклініка апоціць дадатковыя гадзіны.

Майя Церакулава: Канешне, за гэта ніхто не заплаціць. Ты маеш стаўку і твой заробак не залежыць, колькі гадзінаў ты правёў на працы.

(…)

РР: Якія перспектывы ў беларускіх дактароў, напрыклад, у Польшчы? Ці складана тут пацвердзіць свой дыплом? Як тут з дактарамі? Ці бяруць беларусаў на працу?

Майя Церакулава: Беларусаў бяруць вельмі ахвотна. У беларускіх лекараў добрая рэпутацыя. Тут ёсць абмежаванне па працы – ты не можаш працаваць больш 48 гадзін у тыдзень. І беларускія лекары тут шмат вучацца, бо ім трэба кудысьці дзяваць дадатковыя гадзіны. У 15.00 працоўны дзень скончыўся і беларускі лекар ідзе і запісваецца на вучобу, каб быць занятым, павышаць сваю кваліфікацыю. Асабліва лёгка ўладкавацца ў нейкія перыферыйныя бальніцы. Праўда, спачатку ты будзеш атрымліваць меншы заробак, чым польскія лекары, і ёсць небяспека згубіць сваю кваліфікацыю.

Цалкам матэрыял:

Майя зазначае — лекары ў Беларусі вельмі часта стаяць перад выбарам, якому не пазайздросціш — працаваць за зусім маленькі заробак, альбо з’ехаць і жыць годна, але згубіць профільную практыку.

Беларускае Радыё Рацыя