
Максім Зафранскі
Людзі баяцца нават пісаць пра тое, што адбываецца ў беларускіх універсітэтах. Вядома, што рэпрэсіі ў адносінах да студэнтаў не зменшыліся, шмат хто паступае ў замежныя ўніверсітэты і такім чынам уцякае ад лукашэнкаўскага рэжыму, перакананы “Госць Рацыі” – чалец рады Задзіночання беларускіх студэнтаў Максім Зафранскі:
РР: Якія накірункі дзейнасці для Задзіночання беларускіх студэнтаў застаюцца ў прыярытэце?
– Я думаю, што ўсё ж такі асноўнай мэтай усё яшчэ застаецца міжнародны накірунак, інфармаванне нашых міжнародных калег пра тое, што адбываецца ў беларускай акадэміі, што агулам адбываецца з моладдзю. То бок гэта тычыцца не толькі тых, хто з’яўляецца студэнтам, але і тых, хто плануе паступаць. Адным з вынікаў такой працы была падрыхтоўка такога дакумента ў якім мы апісалі ўсе праблемы, з якімі сутыкаюцца студэнты, каб паступіць у замежжа. Ну і проста пра праблемы, напрыклад з пашпартам.
Мы напісалі такі дакумент і разаслалі яго ўсім нашым студэнцкім партнёрскім арганізацыям у краінах Еўропы. Таксама нядаўна пачаліся праблемы з апастылямі і ўсякае такое. Пачала з’яўляцца інфармацыя пра тое, што ў школьных дакументах адмыслова робяць памылкі, каб потым дакументы не выдаваць. Пра такія выпадкі мы таксама інфармуем Еўрапейскі студэнцкі саюз, а ўжо ён інфармуе нацыянальныя саюзы, каб тыя прымалі гэта да ўвагі, што ў беларускіх студэнтаў могуць быць такія праблемы.
Таксама мы пісалі справаздачу па стане беларускай акадэміі падчас парламенцкіх выбараў, дзе мы як раз апісвалі рэпрэсіі, ціск, ідэалагізацыю, якія адбываліся перад выбарамі і падчас выбараў. Мы рыхтавалі яе на двух мовах, на беларускай і ангельскай, каб распавесці, у тым ліку замежным партнёрам, зноў жа нагадаць, што ў Беларусі ўсё яшчэ дыктатура, усё яшчэ рэпрэсіі і гэтак далей.
Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
Задзіночанне беларускіх студэнтаў – гэта незалежная студэнцкая арганізацыя, якая дбае пра правы, інтарэсы і акадэмічныя свабоды беларускага студэнцтва.
Беларускае Радыё Рацыя