Падтрымка і напісанне лістоў да беларускіх палітвязняў, сустрэча з еўрапейскімі чыноўнікамі, пошук кропак для супрацы з іншымі дыяспарамі з аўтарытарных краінаў, збор сродкаў для Украіны і ўкраінцаў. Такі далёка не поўны спіс актыўнасцяў цяпер маюць прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Бельгіі. Падрабязней – у гутарцы Алісы Поль з нашай сённяшняй Госцяй Рацыі, настаўніцай, магістаркай па спецыяльнасці “Сацыялогія-антрапалогія” Маргарытай Тарайкевіч.

РР: Якія тэмы важныя і прыярытэтныя для вас застаюцца ў вашай краіне і чаму менавіта так?
Маргарыта Тарайкевіч: У нас, як я гляджу на жыццё дыяспары, то я б сказала, хоць, канешне, прыярытэты ў кожнага індывідуальныя, але паводле ўражання – гэта тэма палітвязняў, тэма дапамогі беларускім добраахвотнікам ва Украіне і ўвогуле салідарнасць з Украінай. Напэўна, я б сказала ўвогуле – падтрымка беларускага жыцця. Напрыклад, тыя ж самыя святы, якія адзначаюцца, то бок беларускае культурнае жыццё. Я б адзначыла, што акцыі праходзяць рэгулярна, асабліва па такіх датах, такія як Дзень Волі і г.д. Але дат гэтых шмат. Увогуле самыя розныя акцыі праходзяць дакладна часцей за раз у месяц. Ладзяцца канцэрты, выставы, была мая выстава выцінанак, але гэта не з такога значнага. Значнае больш для мяне. Была выстава Ксішы Анёлавай. Яе партрэты палітвязняў былі. Былі выставы трох беларускіх мастачак з Галандыі. Былі выставы, прысвечаныя Алесю Бяляцкаму і Мікалаю Статкевічу.
Можна сказаць, што ёсць пару асяродкаў беларускіх, у Антверпене ёсць грэка-каталіцкая беларуская царква, куды ходзяць беларусы. Антверпен ад мяне далёка, але я там таксама бываю, хоць я і не каталічка.
РР: Давайце вернемся да гэтых акцый. З вашых назіранняў, якія зараз гучаць лозунгі, ці вы бачыце плакаты, выказванні і чым яны адрозніваюцца ад таго, што было год ці два таму?
Маргарыта Тарайкевіч: Я шчыра кажучы, не бачу розніцы. Гучаць лозунгі, вядома, “Жыве Беларусь!” У асноўным вялікая тэма палітвязняў і заўсёды гучаць лозунгі ў падтрымку Украіны – “Слава Украіне!” і г.д. Я магу распавесці пра розніцу ў параўнанні з годам 2015 і ўсім, што тут было да 2020, а асабліва да 2022 года. Да 2020 года я бачыла, што частка актыву беларусаў была антыўкраінская і прарасейская. Таксама з’яўляліся георгіеўскія стужкі пасля 2014 года і было нейкае падзяленне ў стаўленні да майдана. Але я была сярод тых беларусаў, якія рэгулярна хадзілі на ўкраінскія акцыі і падтрымлівалі майдан. А цяпер я бачу сярод актыўных беларусаў поўную салідарнасць з Украінай.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Маргарыта Тарайкевіч дадала, што па папярэдніх падліках у Бельгіі зараз налічваецца каля 5 тысяч беларусаў. З іх каля 2-3 соцень рэгулярна наведваюць мерапрыемствы беларускай дыяспары.
Беларускае Радыё Рацыя