Госця Рацыі – прадстаўніца па моладзевай палітыцы і студэнцтву Аб’яднанага пераходнага кабінета Маргарыта Ворыхава. Пра моладзевую палітыку з ёй размаўляе наш карэспандэнт Улад Грынеўскі.

РР: Выйшла інфармацыя, што ў Беларусі абітурыентаў, якія мараць вучыцца ў Еўропе, нейкім чынам ад сваіх мараў прымушаюць адмовіцца.
Маргарыта Ворыхава: Сапраўды, мы заўважаем такую тэндэнцыю ў апошнія дні, што студэнтаў, абітурыентаў, а таксама і бацькоў школьнікаў запрашаюць на такія прафілактычныя гутаркі ў Беларусі з мэтай таго, каб не дазволіць беларускім абітурыентам з’ехаць за мяжу.
РР: Як гэта выглядае, мо ў вас ёсць якая інфармацыя на гэты конт? Мне хацелася б пачуць, якія аргументы ў таго боку, чаму людзі не могуць узяць і паехаць за мяжу?
Маргарыта Ворыхава: Мы заўсёды памятаем, што ў Беларусі зараз дэмаграфічная праблема з-за таго, што шмат абітурыентаў, выпускнікоў, студэнтаў з’ехала за мяжу. Моладзь з’язджае з Беларусі і шмат з’ехала з 2020 года. Таму планы па наборы ва ўніверсітэты на гэты год знізіліся на некалькі адсоткаў. Якія аргументы выкарыстоўваюць зараз у адміністрацыі школ і ва ўніверсітэтах, каб не дазволіць студэнтам з’ехаць за мяжу? Яны менавіта пужаюць бацькоў, дзяцей тым, што ў Еўразвязе, у іншых краінах ёсць шмат праблем з візамі, цяжка атрымаць легалізацыю ў краінах, цяжка паступіць, цяжка знайсці жыллё, немагчыма прызнаць дыпломы і беларусаў там не чакаюць. І таму лепш паступаць у беларускі ўніверсітэт. Але яны не прагаворваюць той момант, што ў Беларусі адукацыя не якаснага ўзроўню і што зараз якасць адукацыі ў Беларусі падае і з-за таго, што шмат навукоўцаў вымушаныя былі з’ехаць пасля 2020 года. І зараз у Беларусі засталося, па-першае, не так шмат навукоўцаў, а, па-другое, усе самыя якасныя прадстаўнікі гэтай прафесіі вымушаныя былі з’ехаць.
РР: Ведаеце, вось я зараз пачуў, у мяне такая настальгія, такі важны аргумент, маўляў, каму вы там патрэбныя – нікому вы там непатрэбныя. Маргарыта, а як вы да гэтага аргумента ставіцеся? Мне падаецца, што ў Беларусі моладзь таксама не вельмі патрэбная, я ўвогуле не разумею гэтага аргумента: што значыць камусьці вы патрэбныя ці непатрэбныя? Бо вельмі часта пры размеркаваннях у беларускіх універсітэтах гучыць такі аргумент, што гэта дзяржава вас вывучыла, выдаткавала, але забываюцца на тое, што малады чалавек, каб паступіць ва ўніверсітэт, здае іспыт, і гэта значыць, што ён багата працаваў, каб яго ўзялі ў гэты ўніверсітэт. А напрыканцы дзяржава кажа, што ён зараз ёй абавязаны.
Маргарыта Ворыхава: Так, мне заўсёды, дарэчы, так казала бабуля, што не з’язджай за мяжу, бо каму ты там патрэбная. Я заўважаю, што ёсць такі наратыў у дзяржавы і такое стаўленне да моладзі, і не толькі да моладзі, а да ўсяго грамадства, што менавіта дзяржава ў вас укладалася ўсё жыццё, цяпер адпрацоўвайце і вяртайце даўгі дзяржаве. Але такое стаўленне я асабіста не разумею, як дзяржава можа так выкарыстоўваць і разглядаць людзей, як рэсурс, таму што добрая дзяржава яна разглядае людзей як тых, хто наймае дзяржаву для выканання нейкіх функцый. І менавіта такой дзяржава і павінна быць. Мы плацім дзяржаве грошы за тое, каб яна прадастаўляла грамадству паслугі.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя






