Беларуская палітычная дзейнасць за мяжой, як адзнака часу. Асабліва пасля 2020 года за мяжой паўсталі актыўныя беларускія цэнтры, галоўная мэта якіх бараніць правы беларусаў. Да таго ж яшчэ ўваходзіць і культурніцка-папулярызатарская дзейнасць. Пра гэта сёння гутарым з беларусамі з Берліну, якія аб’яднаныя ў таварыства “РАЗАМ”. Наша першая суразмоўца – Марыя Рудзь, другая – старшыня аб’яднання беларусаў Нямечыны «Разам» Віка Бранд.

РР: Калі мы гаворым увогуле пра розныя аспекты дзейнасці беларусаў у Нямеччыне, у тым ліку і Стадзі-тур, які зараз завяршаецца, напэўна арганізатары, калі плануюць такія мерапрыемствы, задаюцца пытаннем: навошта?
Марыя Рудзь: Гэты Стадзі-тур быў у рамках праекту, каардынатаркай якога я з’яўляюся. Праект фінансуецца МЗС Нямеччыны. І накіраваны на тое, каб усталяваць новыя сувязі паміж журналісцкай і актывісцкай грамадзянскай беларускай супольнасцю ў выгнанні. Бо калі мы ўсе разам жылі ў Беларусі, было больш-менш зразумела, хто якімі тэмамі займаецца. Зараз у іншых краінах гэтыя асабістыя сувязі крышачку паламаліся. Дадалося вельмі шмат новых актывістак і ініцыятыў, пра якія медыя не вельмі можа ведаюць. А таксама “экстрэмісцкі” статус нашых незалежных медыя, але і арганізацый грамадзянскай супольнасці не робіць гэтыя ўзаемадзеянні больш лёгкімі. Мы намагаемся гэтыя дзве супольнасці адна з адной звесці, каб людзі больш разумелі рэчаіснасць, у якой працуюць і нашыя беларускія журналісткі і журналісты, і нашыя актывісткі і грамадскія дзеячы.
РР: Вы, як грамадская арганізацыя, якая аб’ядноўвае беларусаў Нямеччыны, працуеце і з нямецкімі медыя, паколькі беларуская тэма таксама мае быць прысутная.
Марыя Рудзь: Адзін з асноўных напрамкаў нашай працы і нашая мэта – гэта трымаць Беларусь у нямецкай павестцы, каб людзі не забываліся, што адбываецца ў краіне. І мы вельмі намагаемся прасоўваць Беларусь у нямецкіх медыя, у нямецкай публічнай прасторы, што, на жаль, даволі складана атрымліваецца. Бо ў свеце ёсць многа крызісных пунктаў, многа тэмаў як у самой Нямеччыне, так і ў ЕЗ, і сусветная павестка. Таму Беларусь, на жаль, адыходзіць на пяты – дзясяты план.
РР: Калі мы гаворым пра беларускае жыццё Берліна, ці яно ўвогуле ёсць? Як бы Вы яго ахарактэрызавалі?
Віка Бранд: Я займаюся праектным менеджментам і працую як фрылансерка, у тым ліку і як журналістка. Жыццё беларускае ў Берліне не тое, што ёсць, а я нават у ім актыўна ўдзельнічаю. Напрыклад, была прэзентацыя перформанса ад Кірыла Машэкі і Глеба Кавальскага, я на яго хадзіла. Сёння я прыходжу на нэтворкінг беларускіх журналістак і актывістак у Фем-хаб. Я іду на адкрыццё выставы, дзе сярод іншых будуць прадстаўлены працы Марыны Набрушкінай і Вольгі Шпарагі – беларускіх даследніц. Так што жыццё ёсць і яно бурліць, кіпіць. І таксама цэнтрам гэтага жыцця, на мой погляд, з’яўляецца дыяспарная арганізацыя “Разам”, чаліняй якой я таксама з’яўляюся. Таму кажу, што беларускае жыццё ў Берліне ёсць!
Карані беларускай дыяспары Нямеччыны налічваюць больш за сто гадоў. Аб’яднанне беларусаў Нямечыны «Разам» утварылася пасля 2020 году, арганізацыя налічвае больш за 240 сябраў, якія пражываюць па ўсёй тэрыторыі Нямеччыны.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






