BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Марыля Загорская пра балбатуноў

Гэта так прыўкрасна: з аднаго боку, верашчаць пра ядзерны апакаліпсіс і пагражаць усяму чалавецтву вынішчэннем, а, з іншага, паралельна праз падстаўных асобаў набываць сабе дарагую яхту коштам амаль у 4,5 мільёна даляраў. Намеснік расейскага саўбеза і кіраўнік партыі “Адзіная Расея” Дзмітрый Мядзведзеў, які ў сваім тг-канале спрабуе сябе паказаць ледзьве не галоўным ястрабам расейскай знешняй палітыкі, на практыцы аказаўся чарговым балбатуном. Ды не проста балбатуном, а яшчэ і непатрыятычным. Ён жа не на якой-небудзь расейскай суднаверфі яхту набыў, а ў галоўных ворагаў – англасаксаў. Як паведамляюць расейскія журналісты-расследавальнікі, гэта ўжо чацвёртая яхта ў флатыліі расейскага адмірала Мядзведзева. Відаць, ён такім чынам спрабуе выратаваць гонар расейскага флота, флагманы якога ляжаць на дне Чорнага мора. Зрэшты, ва ўсім гэтым – сапраўдная Расея. Пагражаць скінуць ядзерную бомбу на Англію, але пры гэтым набываць там дарагія цацкі. Збірацца ісці вайной на ЗША, але адпраўляць туды вучыцца ўласных дзяцей. Крытыкаваць гнілую ў маральным плане Еўропу, але набываць вілы ў Італіі. Як той казаў, Расею сапраўды розумам не зразумець.

Беларускае Радыё Рацыя