Інфаказачка Бондарава зноў адзначылася. Засунула свой нос туды, куды яе не прасілі. Праўда, гэта ўжо не ў першы раз. І, на жаль, не апошні. Гэтым разам Бондарава прычапілася да выставы жывапісу Алеся Сушы. Відаць, варожыя святы, супраць якіх яна ўсё выступала, кшталту хэлоўіна і дня святога Валянціна, ужо негалосна забароненыя. Цяпер чарга дайшла да выставы жывапісу. Калі так далей пойдзе, то ў Беларусі нічога не будзе. Адна толькі Бондарава. Бо любое мерапрыемства, якое не спадабаецца прарасейскай Бондаравай, давядзецца адмяняць.
Выстава жывапісу Алеся Сушы мусіла прайсці ў дзяржаўным літаратурным музеі Купалы. Аднак не прайшла. Пасля даносу Бондаравай, якая паскардзілася, што пры падтрымцы мінкульта праводзіцца выстава, цытую, нацысцкага прыхвасня, выставу, зразумела адмянілі. Яно і зразумела, хто асмеліцца праводзіць мерапрыемства, куды прарасейскай Бондарава запрашае губазік. Выставы не будзе. Але інфаказачка на тым не спынілася. І цяпер патрабуе шыльды музея на рускай мове. Маўляў, шыльда толькі па-беларуску і па-англійску, а расейскай мовы няма. Як той казаў, мёд, дык яшчэ і лыжкамі. А ўвогуле, як паказвае гісторыя, на кожную Бондараву заўжды знойдзецца новая бондарава.
Беларускае Радыё Рацыя