BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Марыля Загорская пра чырвоную руку на юбілей

Берасцейская вобласць адзначае 85-годдзе. Вось дзе пастараліся прапагандысты і розныя ідэолагі, каб усё было вельмі патрыятычна пры святкаванні гэтай даты. Там было ўсё: нейкія людзі з чырвонымі тварамі і вопраткай у чырвона-зялёнай колеравай гаме, якая нагадвала ці тое палову шароў, ці тое частку гірлянды, ці тое не да канцы сшытую тканіну, ці тое соты пчол. Карацей, невядома што, але галоўнае, чырвона-зялёнае. То бок не падкапаешся і не раскрытыкуеш. Скажаш, што кепскае, то падумаюць, што ты супраць патрыятызму, а супраць патрыятызму ў Беларусі цяпер нельга. Таму невядома-што чырвона-зялёнага колеру і надзелі на людзей, нафарбаваўшы іх твары і рукі ў чырвоны колер і ў руках яны трымалі чырвоныя абручы. Проста як у той жахлівай гісторыі, папулярнай ў перабудовачныя часы пра чырвоную руку. Засталося толькі падыходзяць да мінакоў са словамі: “Аддай сваё сэрца”.

Як жартуюць інтэрнэт-карыстальнікі па праглядзе відэа і фота чырвона-зялёных персанажаў, гэта мой страшэнны сон пры тэмпературы 40. І хтосьці на гэта адказвае, што хоць не прысніліся б ноччу. Хтосьці задаецца пытаннем, якія галюцынагенныя грыбы ўжываюць сцэнарысты гэтага свята, маўляў, Стывен Кінг з Хічкокам адпачываюць. А хтосьці назваў персанажаў каляровымі дэментарамі з кветачкамі. Цяпер любімы выраз ідэолагаў, галоўнае, каб не было вайны, можна замяніць на “галоўнае, каб было патрыятычна”

Беларускае Радыё Рацыя