
Міністр інфармацыі Беларусі Марат Маркаў абвінаваціў Google ў супрацоўніцтве з “экстрэмісцкімі фармаваннямі”. Ну ўсё, цяпер Google старана вывучае ўвесь спіс з сотняў экстрэмісцкіх фармаванняў, якія налічваюцца ў Беларусі. Улады Беларусі нават накіравалі ліст з прэтэнзіямі ва ўмяшальніцтвы ў выбары. Маўляў, Google саўдзельнічала ў інфармацыйных правакацыях супраць Беларусі. Цяпер Google на ўсялякі выпадак перастане паказваць надвор’е ў Менску і іншых гарадах — занадта небяспечная інфармацыя! Раптам гэтую інфармацыю мінінфарм палічыць экстрэмісцкай. З дапамогай ліста да Google, як патлумачыў Маркаў, улады Беларусі хочуць “звярнуць увагу на тое, што ідзе зусім канкрэтнае парушэнне заканадаўства”. Маўляў, у згаданых “правакацыях” удзельнічаюць “фарміраванні, якія судом прызнаныя ў Рэспубліцы Беларусь экстрэмісцкімі”. У тое, ува што пераўтварыўся суд у Беларусі ведаюць нават дзеці. А ўвогуле, глядзіш гэты самы суд яшчэ і Google прызнае экстрэмісцкім за супрацу з экстрэмісцкімі фармаваннямі. А наступным разам мінінфарм, відаць абвінаваціць YouTube у спробе арганізацыі рэвалюцыі праз рэцэпты ўкраінскага баршчу.
А калі сур’ёзна, заўважце, у супрацы з экстрэмісцкімі фармаваннямі Google абвінаваціў міністр таго міністэрства, якое налева і направа раздае статусы экстрэмісцкіх матэрыялаў і фармаванняў беларускім незалежным СМІ. Гэта сказаў міністр той краіны, дзе дзясяткі журналістаў знаходзяцца за кратамі.
Беларускае Радыё Рацыя






