BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Марыля Загорская пра экстрэмістаў-педагогаў

Якуб Колас. Здымак ілюстрацыйны

Тыповая біяграфія экстрэміста: працаваў настаўнікам на Піншчыне, друкаваўся ў беларускамоўных газетах, якія былі пасля закрытыя цэнзурай. За ўдзел у нелегальным сходзе быў адпраўдены за краты, за якімі правёў каля 3 год. Але пазней зноў пачаў настаўнічаць, прычым яго не чапалі ўлады наступныя гады. Усё гэта – не пра нашага якога-небудзь сучасніка з Беларусі, а факты з жыцця класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа. У цяперашняй Беларусі чалавек з такой біяграфіяй трыма гадамі вязніцы не абышоўся б. І цэтлік “экстрэміста” (калі не тэрарыста ўвогуле) атрымаў бы па факце. Калі коміка Славу Камісаранку за жарты прыраўнялі да беларускай версіі Усамы бен Ладэна, то чалавека з такім мінулым, як у Коласа, маглі б увогуле не выпусціць. А калі б выпусцілі, то працы яму б не знайшлося ніякай, не кажучы ўжо пра настаўніцтва.

Дарэчы, пра настаўніцтва. У Беларусі плануюць унесці змяненні ў заканадаўства, паводле якога педагогі, якіх прыцягвалі да адказнасці паводле экстрэмісцкіх артыкулаў, не будуць мець права “сеяць добрае і вечнае”. То бок гаворка ідзе пра забарону на прафесію для людзей, якіх асудзілі за непрыманне цяперашняй улады. Калі вам падаецца, што нават у царскай Расеі, якая на фоне іншых тагачасных еўрапейскіх дзяржаваў выглядала скуралупам на прагулцы, сітуацыя была лепей, вам не падаецца. У цяперашняй Беларусі Якуб Колас або сядзеў бы бязвылазна, або эміграваў бы. Не кажучы пра настаўніцва.

Беларускае Радыё Рацыя