
Саміведаецехто вырашыў зрабіць сабе каранацыю 25 сакавіка. Як той казаў, я помшчу і помста мая страшэнная. Вось жа не дае камусьці спакойна спаць Дзень Волі, што ажно на гэты дзень прызначаная так званая інаўгурацыя. Вось ужо колькі год запар 25 сакавіка дакладна асацыюецца ў беларусаў з Днём волі. Няхай з забаронамі і рэпрэсіямі, але ўсё роўна гэта ёсць святам. Дзень, калі беларусы заявілі пра сваю незалежнасць. Звычайна дзяржаўныя СМІ рабілі выгляд, што 25 сакавіка ўвогуле няма. Калі б можна было б, то яны б яго і з календара б выкінулі. Вось так, каб адразу пасля 24 сакавіка наступала 26-га. У дзяржаўных СМІ на Дзень Волі 25 сакавіка было прынята пісаць пра сельскую гаспадарку, пра які-небудзь таваразварот з Омскай вобласцю, міжнародны дзень барацьбы з сухотамі ці гульню футбалістаў Беларусі і Гандураса. Аднак гэтым разам 25 сакавіка з кожнага праса ліецца іншая інфармацыі — пра інаўгурацыю саміведаецекаго. Ідэолагі, відаць, сабе апладзіруюць, думаюць, як яны добра прыдумалі, што на 25 сакавіка абвясцілі інаўгурацыю. Яны, відаць, спадзяюцца, што людзі праз гэта забудуцца на Дзень волі. А вось і не забудуцца. Дзень Волі заўжды застаецца святам для сапраўдных беларусаў, якія цэняць свабоду і незалежнасць сваёй краіны.
Беларускае Радыё Рацыя






