Свята мусіць быць адназначным і зразумелым. Вось, як напрыклад, Новы год. Яно ў свой час і замацавалася, што было зразумелым для ўсіх: прыйшоў новы год, а з ім і надзеі на найлепшае. Ці Раство. Яго, нягледзячы на ўсе намаганні саветаў, так і не змаглі прыбраць з памяці людзей. А пры спрыяльных умовах свята вярнулася зноў. Ці, напрыклад, Дзень волі. Вось колькі яго не забаранялі, а яго ўсё роўна святкуюць, бо без БНР не было б і Беларусі.
Іншая справа святы незразумелыя і неадназначныя. Той жа дзень кастрычніцкай рэвалюцыі, калі ў Беларусі нават афіцыйны выходны. Па-першае рэвалюцыя кастрычніцкая, а святкуецца ў лістападзе. А па-другое, што гэтая рэвалюцыя прынесла — цяжка патлумачыць. Бо прынесла тэрор. Якое ж тут свята пасля такога. Таму і сучаснае пакаленне, калі вы спытаеце на вуліцах, што здарылася 7 лістапада, то вам адкажуць, што проста выходны дзень. Вось проста выходны дзень — зразумела і адназначна, а дзень кастрычніцкай рэвалюцыі — не.
А не так даўно з’явілася яшчэ адно свята — дзень народнага адзінства. Яшчэ адно абсалютна не зразумелае для народа свята. Неяк даводзілася апытваць людзей ва ўсходняй Беларусі пра тое, што было 17 верасня. І што вы думаеце? Амаль усе сказалі, што 17 верасня — гэта проста дзень 17 верасня. А цяпер, калі ідэолагі ў тлумачэнні свята адзінства кажуць і пра 2020 год, і пра 1939, то большасць ўвогуле не разумее, што да чаго і якім бокам 2020 да верасня 1939, калі распачалася самая страшэнная вайна XX стагоддзя. Так што, цяперашні прапагандысцкі дзень народнага адзінства, колькі б розных акцый, канцэртаў і іншых прапагандысцкіх мерапрыемстваў не праводзілі, знікне з памяці так жа, як дзень кастрычніцкай рэвалюцыі. Бо занадта неадназначная і незразумелая дата.
Беларускае Радыё Рацыя