BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Марыля Загорская пра патрыятызм для школьнікаў

Улады ў Беларусі абяцаюць распрацаваць для школьнікаў і іх бацькоў правілы. Над дакументам працуюць ажно спецыялісты з Міністэрства адукацыі і Акадэміі адукацыі. Такое адчуванне, што слоўнікі нейкія распрацоўваюць ці манаграфію пішуць, што ажно столькі спецыялістаў узяліся за працу. І гэтыя вось спецыялісты з Мінадукацыі і Акадэміі адукацыі збіраюцца распрацаваць сур’ёзны дакумент: па 10 правіл для школьнікаў і іх бацькоў. Правілы – гэта нашае ўсё. Куды без іх. Асабліва ў школах. Трэба было для распрацоўкі гэтага сур’ёзнага дакументу далучыць яшчэ міліцыю, пракуратуру і адміністрацыю саміведаецекаго. Каб ужо дакладна распрацаваць тое, што трэба.

“Мы хочам паказаць, што настаўнік — вучань — бацькі з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу.” – Кажуць ва ўпраўленні агульнай сярэдняй адукацыі Мінадукацыі. Ага, і дзеля гэтага распрацоўкай правіл займаюцца ажно ў Мінадукацыі і Акадэміі адукацыі. Нешта ні бацькоў, ні школьнікаў на абмеркаванне гэтых пытанняў не запрасілі. А нават калі б і запрасілі, то вы ж самі ўсё разумееце. У нашай краіне, як у тым фільме пра хроснага бацьку: зрабілі такую прапанову, ад якой немагчыма было адмовіцца. Ужо вядома, што ў правілах для вучняў будзе абавязкова прапісаны патрыятызм, дзелавы стыль адзення і правілы паводзін у інтэрнэт-прасторы. Ну, тут да варажбіткі не трэба хадзіць, каб зразумець што гэта азначае ў рэальнасці. Карацей, не ўстанова адукацыі, а школа ўзмоцненага рэжыму.

Беларускае Радыё Рацыя