Добра быць дыктатарам з неабмежаванымі паўнамоцтвамі, а мець пры гэтым гаваркое прозвішча Мадура – яшчэ лепей. Захацеў – перасадзіў усіх апанентаў. Калі з’явілася жаданне, узнагародзіў сябе якімі-небудзь прыемнымі рэчамі. І не пераймаешся пытаннямі легітымнасці, законнасці і канстытуцыйнымі абмежаваннямі, бо ты – дыктатар Мадура.

І вось з апошняга: кіраўнік Венесуэлы перанёс святкаванне Калядаў. На 1 кастрычніка. І не таму, што клімат у Баліварыянскай рэспубліцы такі, што ў кастрычніку прыемней абменьвацца каляднымі падарункамі. А таму, што захацелася проста. Тым больш, адзін раз ужо так гэты чалавек змяняў дату Калядаў. У 2020-м, праз пандэмію каронавіруса, ён перанёс Каляды на 15 кастрычніка. «Цяпер верасень, і ўжо адчуваецца набліжэнне Каляд. Таму сёлета — у знак павагі і падзякі — я збіраюся выдаць указ аб пераносе Каляд на 1 кастрычніка», — заявіў Мадура падчас тэлеэфіру, паабяцаўшы ўсім венесуэльцам «мір, шчасце і бяспеку». Ва ўсім свеце святкуюць Каляды 25 снежня і 6 студзеня. А вось у Венесуэле – 1 кастрычніка. Цікава, што навіна пра перанос свята з’явілася пасля выдачы ордара на арышт суперніка Мадуры Эдмунда Гансалеса Уруціа на апошніх выбарах. Весела ўсё-такі жыць пры дыктатуры!
Беларускае Радыё Рацыя






