
У Беларусі цяпер на ўсё патрэбны дазвол: на акцыі, канцэрты, спектаклі і нават на прыгажунь. Саміведаецехто падпісаў указ пра конкурсы прыгажосці. Ну ўсё, цяпер чыноўнікі будуць вырашаць, хто прыгажуня, а хто не і ў якой ступені. Добра, што не з дапамогай Цэнтрвыбаркама. Інакш перамог бы саміведаецехто. Аднак пакуль што, паводле ўказу пра конкурсы прыгажосці, выбіраць прыгажунь для ўдзелу ў міжнародных конкурсах будзе толькі нацыянальная школа прыгажосці. А самае галоўнае, калі вы хочаце падчас культурнага, спартыўнага ці адукацыйнага конкурсу выкарыстаць слова Беларусі ці беларускі, то ў вас гэта не атрымаецца. Цяпер гэта можна рабіць толькі тады, калі арганізатарам выступае дзяржаўная арганізацыя. То бок атрымліваецца, цяпер нельга якой-небудзь ініцыятыве зладзіць, напрыклад, конкурс традыцыйных беларускіх танцаў ці спеваў. Цяпер на гэта мае права толькі дзяржава.
А яшчэ ў Беларусі з’явіўся народны паэт. Ім стаў аўтар дзяржаўнага гімна цяперашняй Беларусі Уладзімір Карызна. Падумаеш, гімн гэты мала хто любіць. Падумаеш, ягоныя іншыя вершы мала хто чытаў. Затое аўтар правераны. Цікава, па якіх крытэрыях выбіралі? Можа, правяралі, як хутка ён рыфмуе стабільнасць. У кожным разе цяпер у Беларусі прыгажунь і паэтаў прызначае толькі саміведаецехто.
Беларускае Радыё Рацыя






