Ламаць – не будаваць. Нармальныя людзі звычайна ганарацца тым, што пабудавалі, скажам, дом. Альбо радуюцца таму, што дапамаглі з узвядзеннем храма ці важнага помніка. Хтосьці адчувае сябе шчаслівым ад таго, што пералічвае сродкі на дабрачыннасць. А кагосьці хлебам не кармі, але дай знішчыць створанае чужымі людзьмі.

Міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў на адной з сустрэчаў з ідэолагамі пахваліўся сваімі вялікімі дасягненнямі. У 2023 годзе з ініцыятывы ягонага ведамства было закрыта 3388 сайты. З іх – мноства інфармацыйных, якія гадамі працавалі на ніве незалежнай журналістыкі. Але Пярцоў канкурэнтаў называе інакш: “дэструктыўныя рэсурсы”. Маўляў, на раскрутку экстрэмістаў ідуць аграмадныя сродкі, на прасоўванне кантэнту працуюць “тэхналагічныя гіганты з недружалюбных краін”. Цяжка нашым ідэолагам працаваць. Проста небаракі. Увесь свет супраць іх. А яны, няшчасныя, не спяць суткамі, блакуюць дэструктыўныя рэсурсы, якія ўсё ніяк не скончацца. І хацелася б тут штосьці пракаментаваць пра свабоду слова, гарантаваную Канстытуцыяй. І пра незалежныя СМІ як прыкмету здаровай дэмакратыі. Аднак гэта ўсё для пярцовых пусты гук. Зрэшты, блакаваць усе гэтыя тысячы “дэструктыўных сайтаў” не давялося б, каб у краіне была магчымасць для нармальнай працы журналістаў, каб яны маглі пісаць без цэнзуры. Але такое ўявіць у пярцоўскіх рэсурсах немагчыма, таму і пішуць яны ўвесь час пра “ўяўныя перамогі” і “бітвы з ураджаем”.
Беларускае Радыё Рацыя






