
Сабака – вось чым запомніліся дзеянні, якія ўлады Беларусі называюць выбарамі. Сабака – вось што абмяркоўвалі замежныя СМІ пра выбары ў Беларусі. Мала таго, што саміведаецехто прышоў галасаваць з сабакам на ўчастак для галасавання, дык гэты самы сабака яшчэ і схадзіў па сваіх малых патрэбах проста на ўчастку. Назвы артыкулаў у СМІ з гэтай нагоды – адна адной лепей. “Сабака выказаў сваё стаўленне да выбараў проста на ўчастку”, “Сабака насікаў на выбарчым участку ў Беларусі”, “Шпіц памеціў ЦВК Беларусі”, “Сабака справіў патрэбу там, дзе галасаваў гаспадар”. Шпіца саміведаецекаго сталі называць шпіцам-дыверсантам. І інтэрнэт-карыстальнікі сталі жартаваць з гэтай нагоды. Маўляў, сабака выказаў стаўленне ўсіх беларусаў да гэтага фарсу. Хтосьці задаваўся пытаннем, ці сабака такім чынам выказаўся супраць усіх? А хтосьці напісаў, што добра, што карову з сабой на выбарчы ўчастак не прывёў.
Хаця чаго здзіўляцца, старажытнарымскі імператар Калігула, які быў вельмі жорсткім кіраўніком нават для тых часоў, зрабіў свайго каня Інцытата грамадзянінам Рыма, сенатарам і нават кандыдатам у консулы. Так што, глядзіш, на якіх-небудзь выбарах у Беларусі таксама з’явіцца кандытат шпіц Умка.
Беларускае Радыё Рацыя






