BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Марыля Загорская пра спецаперацыю “Новы год”

У Беларусі ў навагоднюю ноч запланаваныя святочныя мерапрыемствы. Толькі мерапрыемствы гэтыя болей нагадваюць нейкую турму. Падчас канцэртаў у Менску ў навагоднюю ноч на пляцоўках будуць працаваць кантрольна-прапускныя і фільтрацыйныя пункты. Гэта ж пра тое толькі і марыш, каб на святы тваю торбу праверыла міліцыя. Які ж новы год без міліцыі. Гэта проста найлепшыя сябры беларусаў цяпер. Добра, што яшчэ распранацца не прымушаюць, каб праверыць, у чым апрануты. Хаця, як той казаў, яшчэ не вечар.

Здымак ілюстрацыйны: Fars Media Corporation

Як паведамляецца, месцы правядзення масавых мерапрыемстваў будуць узятыя пад кантроль з выкарыстаннем магчымасцей “сістэмы маніторынга грамадскай бяспекі”. На кантрольна-прапускных пунктах цябе праскануюць, правераць рэчы, а потым з табой патусуюцца міліцыянты. Проста выдатная кампанія. Добра, што яшчэ ў твой дом не прыходзяць. А яшчэ на гэтыя святочныя канцэрты нельга з хатнімі гадаванцамі. Так што, рыбак, папугайчыкаў, хамякоў дык катоў з сабакамі давядзецца пакінуць дома. Яно і зразумела: гэта яшчэ тыя патэнцыйныя парушальнікі грамадскага спакою. Таксама на канцэрт у навагоднюю ноч у Менску не пусцяць асобаў з самакатамі ці ролікамі. Увогуле ўсе сродкі персанальнай мабільнасці давядзецца пакінуць дома разам з жывёламі. Карацей, з такімі забаронамі і фільтрацыйнымі пунктамі лепей застацца дома і паглядзець які калядны фільм, затое ў добрай кампаніі і са сваімі хатнімі гадаванцамі.

Затое для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, цяжарных і інвалідаў сёлета прадугледзелі ноў-хаў – асобныя пункты пропуска ў выглядзе шатроў з аранжавым купалам. Не пытайце, чаму менавіта аранжавыя купалы. І не ўдакладняйце, чаму менавіта для гэтых катэгорый.

Беларускае Радыё Рацыя