BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Марыля Загорская пра свята са слязьмі на вачах

Часам здаецца, што гэта нейкі дурны сон. Што вось-вось хтосьці штурхне – і адразу прачнешся. А вакол – родныя людзі, звыклыя краявіды за акном і нармальныя ўзаемадачыненні паміж усімі. Але сон праходзіць, пачынаецца новы дзень, які прыносіць навіны, якія, здаецца, могуць нараджацца толькі ў вар’ятні… Скажам, прызначэнне інаўгурацыі саміведаецекаго на 25 сакавіка.

Фота: ЕРА (Лукашэнка ў траўня 2023 года ў Маскве)

У найноўшай гісторыі Беларусі Дзень Волі заўжды асацыяваўся са змаганнем за дэмакратычную і беларускую па сваёй сутнасці краіну. Апошнія дзесяцігоддзі Дзень Волі для апанентаў улады пераўтварылася ў свята непаслушэнства, якое, праўда, часта заканчвалася брутальнымі разгонамі. А кіраўніцтва дзяржавы са страхам чакала гэты дзень, нават калі не было аб’ектыўных падставаў чагосьці ім баяцца. І вось на пяты год тэрору 25 сакавіка выбралі ў якасці даты для інаўгурацыі. Каб, відаць, канчаткова паказаць, хто ў доме гаспадар. А заадно яшчэ паставіць сімвалічную кропку ў супрацьстаянні. У гэтым жэсце, які скіраваны на дэмаралізацыю праціўніка, аднак, чамусьці ўсё адно чытаецца дзіцячая крыўда. Вы мяне не любіце, я тады забяру ў вас любімую цацку. Неяк у такой логіцы дзейнічае ў апошнія гады ўлада. Але спроба прыватызаваць 25 сакавіка такім экстравагантным чынам усё ж паказвае, што нічога не закончылася. Нават калі нам падаецца, што ўсё страчана. Раз яны змагаюцца з датай, гэта значыць, адчуваюць хісткасць свайго становішча. Аднойчы мы ўсё ж прачнёмся ўсе. І гэтыя ўсе інаўгурацыі забудзем. Як страшны сон.

Беларускае Радыё Рацыя