BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Марыля Загорская пра тэст на звышдзяржаву

Калі вам хочацца пераканацца ў тым, ці жывяце вы ў звышдзяржаве, схадзіце ў краму. Паглядзіце, ці прадаюць у краме масла і па якой цане. Калі ля апошняй на палічцы ўпакоўкі масла разгортваюцца кулачныя баі, то вы 100% жывяце ў звышдзяржаве. Прычым у касмічнай. У РФ апошнім часам, не паверыце, у крамах знікла масла. З гэтай нагоды ў інтэрнэце нават пачалі жарты распаўсюджваць кшталту: мяняю трохпакаёўку ў цэнтры Масквы на скрыню з маслам. Знікненне папулярнага прадукта выклікала рост коштаў, пакупнікі сталі красці ў крамах сметанковае масла, а крамы сталі ўкладаць масла ў адмысловыя пластыкавыя кантэйнеры, якія адкрываюцца толькі на касе.

І вось у адным правінцыйным расейскім горадзе затрымалі 33-гадовую жанчыну падчас крадзяжу 29 пачак масла. Цікавая дэталь: крадзёж адбыўся ў супермаркеце на вуліцы 40 гадоў Перамогі. Калі кабету даставілі ў паліцыю, ёй у якасці загладжвання віны прапанавалі падпісаць кантракт з Мінабароны РФ. Жанчына, якая скрала масла на вуліцы Перамогі, адмовіліся падпісваць кантракт. Відаць, нават злодзеі ў РФ не надта вераць у Перамогу. Затое РФ у чарговы раз прайшла тэст на звышдзяржаву, хоць і без масла.

Беларускае Радыё Рацыя