
Сабчак узяла інтэрв’ю ў Пратасевіча. Пакінем у баку, пра што яны размаўлялі. Тут пытанне ў іншым. У кантэксце. А менавіта: расейская прапагандыстка прыязджае ў Беларусь браць інтэрв’ю з чалавекам, дзеля якога пасадзілі цэлы самалёт, пасля чаго нармальныя краіны і авіякампаніі перасталі пускаць свае самалёты над Беларуссю. Расейская нібыта журналістка прыязджае ў Беларусь рабіць журналісцкі матэрыял, калі большасць беларускіх журналістаў вымушаная была з’ехаць альбо прыпыніць сваю прафесійную дзейнасць. Нейкая расейская журналістка здымае цэлае шоу, калі 33 беларускія супрацоўнікі медыя знаходзяцца ў зняволенні. Больш за тое, расейская журналістка, якая насамрэч не журналістка, а прапагандыстка прыязджае і вольна прагульваецца на прадпрыемстве. А цяпер згадайце, калі апошні раз беларускія незалежныя журналісты маглі свабодна гуляць па прадпрыемстве ды яшчэ з камерай, ды яшчэ браць інтэрв’ю.
У гэтым інтэрв’ю агідна ўсё: і тэма, і вядоўца, і сама сітуацыя. Як правільна напісаў хтосьці са злой іроніяй у каментарыях пад відэа: “Сабчак трэба прыехаць у Іран і ўзяць інтэрв’ю ў дзеўчын наконт раўнапраўя ў краіне. Яны дакладна ўсю праўду без страху выдадуць.” А ўвогуле, як той казаў, грошы не пахнуць. Для кагосьці гэта стала стылем жыцця.
Беларускае Радыё Рацыя






