
Міністр унутраных спраў Іван Кубракоў пахваліўся, што ў Беларусі ўсталявана 60 тысячаў разумных камер. Гэтыя камеры могуць распазнаваць твары чалавека, чытаць нумары знакаў аўтамабіляў, сачыць за чалавекам. Улічваючы, як у 2020-м менавіта дзякуючы камерам відэаназірання знаходзілі ўдзельнікаў акцыяў пратэсту, то можна ўявіць, для чаго ўсталявалі ўсе гэтыя камеры. Проста Оруэл у рэальнасці. Вялікі брат на чале з Кубраковым сочыць за ўсімі беларусамі.
А ўвогуле, улады Беларусі сямімільнымі крокамі набліжаюцца да таго кантролю, які выкарыстоўваецца ў кітайскай правінцыі Сіньдзян у дачыненні да грамадзян ўйгурскай нацыянальнасці. У гэтым рэгіёне, у залежнасці ад ступені лаяльнасці, жыхарам выдаюць розныя ID-карткі. Без наяўнасці гэтых сродкаў ідэнтыфікацыі уйгуры не могуць нават выйсці за межы аднаго раёна горада ў іншы. Паўсюль яны мусяць прыкладаць карты да спецыяльных уладкаванняў, якія счытваюць інфармацыю. Кожны метр гарадскіх тэрыторый, дзе кампактна пражываюць уйгуры, праглядаецца дзясяткамі відэакамер. Ад гэтага паноптыкума немагчыма схавацца нідзе, нават у грамадскіх прыбіральнях, дзе для атрымання паперы трэба падставіць твар да прылады, каб яго ідэнтыфікавала спецыяльная камп’ютарная праграма. Проста рай для ўладаў Беларусі. Засталося даведацца, колькі ўсё гэтае шчасця для назірання за беларусамі каштавала. Пра гэта міністр Кубракоў чамусьці прамаўчаў.
Беларускае Радыё Рацыя






