
Чым бліжэй да так званых выбараў, тым больш улада, якая элегантна перамагла ў 2020-м, заклікае вяртацца “збеглых”. Як толькі не прывабліваюць. Вуснамі Гайдукевіча гаворыцца з кожнага праса нешта такое: “Вяртайцеся, адсядзіце, жывіце…” Былы міліцыянт у іншых катэгорыях не мысліць. Альбо іншы, які лічыцца найбольш адыёзным з прапагандыстаў: “Вораг пераможаны, небяспекі не ўяўляе. Хай вяртаюцца, адсядзяць, а потым ідуць працаваць на завод дзеля краіны! І пакаюцца, вядома.” Таксама актывізаваліся “блогеры” з ліку рэнегатаў, якія пераконваюць, што нічога страшнага ў цяперашняй Беларусі не адбываецца. Маўляў, на тусовачных вуліцах працягваюцца тусоўкі, а ў крамах – поўна прадуктаў. Словам, перагортвай старонку і вяртайся.
Таксама пашыраюцца паўнамоцтвы так званай камісіі па вяртанні. Паводле новай рэдакцыі ўказа 397, удасканальваецца праца камісіі, да якой цяпер можна звяртацца не толькі грамадзянам, якія знаходзяцца за мяжой, але і тым, хто ўнутры краіны. Карацей, настолькі ім пляваць на збеглых, што яны не супакойваюцца ніяк, спрабуючы вярнуць людзей назад. Вось толькі звяртаецца ў тую камісію нікчэмна малы адсотак ад тых соцень тысяч маладых, якія не бачаць сябе ў краіне, дзе за лайкі выбіваюць дзверы, а за ўдзел у мірнай дэманстрацыі садзяць на доўгія гады. Прадукты ў крамах ёсць, але Паліна Шарэнда да сваіх дзяцей не выходзіць. Тусоўкі працягваюцца, але Зміцер Дашкевіч ніяк не ўз’яднаецца з сям’ёй. Камісія па вяртанні ёсць, але жадаючых няма.
Беларускае Радыё Рацыя






