
Ведаеце, якое адно з самых страшных святаў для ўладаў Беларусі? Гэта хэлоўін. І страшнае не таму, што гэта страшэннае свята, калі можна пераапрануцца ў якога нячысціка. Страшнае, таму што гэта свята заходняе. Вось ужо колькі год святкаваць хэлоўін негалосна забаронена ў школах. Ды і не толькі ў школах. Калі яшчэ дзесяць гадоў таму нічога страшнага ў хэлоўіне не бачылі, то апошнія два гады супраць гэтага свята скіравалі ўсю ідэалагічную машыну. Напрыклад, летась хэлоўін забараніў Гарадзенскі аблвыканкам. Яны нават разаслалі адпаведнае распараджэнне. Чыноўнікі звяртаюць увагу на недапушчальнасць правядзення мерапрыемстваў і папулярызацыя свята “Хэлоўін”. А некалькі гадоў таму афіцыйная абласная газета «Вячэрні Магілёў» размясціла шэраг матэрыялаў пра хэлоўін, якія напісалі педагогі і нават псіхатэрапеўт. І вось магілёўскі псіхатэрапеўт ажно 10 прычынаў знайшоў, каб грэбаваць хэлоўінам. І адна з іх — тое, што «хэлоўін робіць з ягоных удзельнікаў халуёў Захаду і д’ябла». То бок тое, што непахаваны труп ляжыць у расейскай Маскве, беларускія ўлады нічога кепскага не бачаць. Нічога кепскага не бачаць і ў святкаванні Кастрычніцкай рэвалюцыі, якая прынесла тэрор і галечу. А вось вясёлае свята з яркімі атрыбутамі – гэта, канешне, тое, што трэба забараняць. Сапраўды, спачатку хэлоўін святкуюць, потым Дзень святога Валянціна, а потым яшчэ і адмовяцца ў БРСМ запісвавацца ды дэмакратыі захочуць.
У гэтым годзе таксама хэлоўін пад забаронай. Так, у Брэсце чыноўнікі забаранілі Хэлоўін ва ўстановах грамадскага харчавання. Ніякіх згадак свята, жахаў і тэматычных гарбузоў. Ну, яшчэ троху — і гарбуз стане пад забаронай. Як гародніна, якая можа нагадваць пра самае страшнае для ўладаў Беларусі свята.
Беларускае Радыё Рацыя






