BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Марыля Загорская пра загад павялічыць удоі малака

Фота з адкрытых крыніц

Саміведаецехто запатрабаваў павысіць прадуктыўнасць і знізіць паморак быдла. Маўляў, за паўгода загінула 70 тысяч галоў. Быдла, канешне, вельмі шкада. Але каровы і ўдоі малака — гэта, канешне, акурат той ровень, якім павінен займаецца кіраўнік краіны. Імідж краіны ніжэй за плінтус, а саміведаецехто каровамі займаецца. Гэта ўсё роўна, каб капітан карабля, які тоне і ідзе на дно, хадзіў бы і раскладаў відэльцы на сталы ў сталоўцы. Ці лічыў бы, ці дастаткова туалетнай паперы ў прыбіральнях. Паморкам і ўдоямі няхай фермеры займаюцца. Аднак у Беларусі — не фермеры, а калгасы, якія да таго ж фінансуюцца дзяржавай. А для калгасаў патрабаванне павысіць прадуктыўнасць і знізіць паморак быдла азначае толькі адзінае: давядзецца яшчэ болей рабіць прыпісак і яшчэ болей хаваць паморак быдла. А гэта ў сваю чаргу азначае, што яшчэ болей павялічыцца колькасць крымінальных спраў за прыпіскі і хаванне паморку быдла. Такіх спраў і так нямала. Пастаянна з’яўляецца інфармацыя, што пасадзілі то ў адным калгасе кіраўніцтва, то ў другім. У абвестках на працу ў кіраўніцтве калгасаў так і трэба пісаць: шукаецца ветэрынар / дырэктар / бухгалтар з магчымасцю арышту за прыпіскі і паморак быдла.

Беларускае Радыё Рацыя