Вось жа не шанцуе ўладам Беларусі. Падавалася, усё пад кантролем. Рэпрэсіі чатыры гады цягнуцца. Ніякага паўтарэнне 2020-га, калі народ перад выбарам пачаў пратэставаць, не павінна быць. А тут узяў і даляр палез уверх. А даляр — гэта ж не народ, яго не арыштуеш, у турму не пасадзіш, рэпрэсіямі не напалохаеш. І як чыноўнікам перастаць расці не загадаеш.

Падавалася: і сходы правялі, і акцыю падтрымкі “НАДА” запусцілі, і журналістаў разагналі. Выбары мусілі прайсці, як мае быць. А тут узяў і даляр стаў расці, як на дражджах. Не, каб наадварот. Яшчэ тыдзень таму даляр каштаваў 3.3 рублі. А цяпер ужо больш за 3.5. Гэта ж з такім тэмпамі, колькі ён будзе каштаваць у студзені, калі будуць выбары. Трэба меркаваць, што хутка забароняць абмяркоўваць курс даляра. А хто будзе казаць і абурацца, што беларускі рубель патаннеў, тых па старой завядзёнцы, адправяць за краты. А па дзяржаўным тэлебачанні, відаць, запусцяць праграму пра тое, як добра, што беларускі рубель таннее, што гэта спецыяльна зроблена дзеля падвышэння дабрабыту насельніцтва. І ўвогуле, увесь гэты рост даляра — гэта спецыяльна распрацаваная ворагамі аперацыя, каб разгайдаць крышталёвы сасуд напярэдадні выбараў у Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя






