Стала вядома пра ануляванне пашпартоў у былых беларускіх палітвязняў. Абмеркавалі гэта з Госцяй Рацыі – прадстаўніцай ініцыятывы «DissidentBY» Марынай Касінеравай.

РР: Як можна проста ўзяць і ануляваць пашпарт? Ці разбіраліся вы з гэтай сітуацыяй?
Марына Касінерава: Пакуль толькі ёсць інфармацыя пра тое, што людзі спраўджвалі сябе па гэтай базе МУС і пабачылі, што ў іх ануляваныя пашпарты. Што гэта будзе значыць на практыцы, якія наступствы гэта будзе мець, ніхто яшчэ не ведае. Юрысты разбіраюцца, бо вельмі складана гэта прагназаваць, калі мы працуем у такой бяспраўнай сістэме, калі людзі па факце былі грамадзяне Беларусі і выкінуты па-за межы краіны – гэта адно з першых парушэнняў, якое мы павінны разглядаць. Па-другое, ужо што адбываецца з іх дакументамі, калі мы ведаем, што гэта тыя людзі, якія месяц ці два таму атрымоўвалі паперкі, што яны яшчэ фактычна знаходзяцца ў калоніях, у СІЗА КДБ унутры краіны. Яны юрыдычна так знаходзіліся. Таму якую праблему для сябе вырашае дзяржава Беларусь такім чынам, мы пакуль яшчэ не ведаем, як гэта паўплывае на людзей. Напэўна, якія за мяжой знаходзяцца ўжо, асабліва ніяк. Адзінае, што гэта мажліва можа сказацца на тым, што яны не змогуць скарыстацца гэтым пашпартам пры перасоўванні паміж краінамі за межамі ЕЗ, але таксама не факт, што гэта адаб’ецца на іх неяк. Мажліва, можа быць звязана з нейкімі фінансавымі аперацыямі ўнутры краіны, калі хтосьці пісаў нейкія дамоўленасці, даведкі з натарыусам, але гэта таксама пакуль не пацверджана. Таму я б папрасіла пакуль не распаўсюджваць, каб не нагнятаць абстаноўку, таму што юрысты якраз працуюць і разбіраюцца.
Грамадзянства пазбавіць на гэтай глебе не могуць, як бы шмат у каго няма пашпартоў за межамі краіны, гэта павінны быць нейкія іншыя захады. Таму тут хутчэй для таго, каб ускладніць, мажліва, уз’яднанне сямей, і зрабіць яшчэ нейкія пакасці для тых, хто ўсё яшчэ застаецца ў краіне.
РР: То бок, пра нейкае пазбаўленне грамадзянства мы не можам гаварыць, бо гэта, атрымліваецца, пашпарт ануляваны, ён страціў сваю дзейнасць.
Марына Касінерава: Так, ануляванне пашпарту, яго нядзейнасць, бо не ўсе беларусы могуць за межамі краіны памяняць свае пашпарты. Але гэта не значыць, што чалавек перастае быць грамадзянінам Рэспублікі Беларусь. Аўтаматычна ён проста не мае пашпарту дзейнага і мае нейкія іншыя дакументы, якія пацвярджаюць яго асобу. Пазбаўленне грамадзянства – пакуль не было такіх выпадкаў. Але, вядома, варта назіраць, што будзе далей і якія захады будзе рабіць Беларусь, якія законы прымаць адносна гэтых людзей.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






