BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Марына Касінерава: Людзі жывуць у татальным тэроры

Пытанне палітвязняў: за сем так званых хваляў выйшлі 207 чалавек. У той жа час: чарговы рэйд па сем’ях палітвязняў і былых палітвязнях у Беларусі, паведамляе Марына Касінерава з ініцыятывы dissidentby. Вядома, што ўжо некалькі дзён ідуць затрыманні і вобшукі, пагражаюць крымінальнымі справамі, забіраюць тэхніку. Пра гэта і не толькі з праваабаронцай Марынай Касінеравай гутарыць Улад Грынеўскі.

РР: Народнае антыкрызіснае ўпраўленне прапаноўвала ўнесці 40 суддзяў у санкцыйны спіс і нібыта Еўразвяз пагадзіўся гэта зрабіць. Як вам бачыцца такая інфармацыя, як увогуле бачыце гэта ў кантэксце палітзняволеных.

Марына Касінерава: Вельмі добры кірунак працы, якой займаюцца іншыя ініцыятывы. Нядаўна вось вы казалі пра імёны, яны з’явіліся ў публічным доступе, некаторыя імёны суддзяў, супраць якіх увялі гэтыя санкцыі персанальныя. Яшчэ гэта добрая ініцыятыва ў тым сэнсе, каб людзі ведалі, што тыя, хто адказныя за рэпрэсіі, якія яны чыняць у дачыненні да палітычных ды іншых вязняў, калі парушаюць іх правы, то гэтыя людзі будуць пакараныя і ўсе пра гэта будуць ведаць.

Фіксуем заўсёды, дакументуем, што калі супраць людзей чыняць гвалт псіхалагічны, фізічны, заўсёды ніхто не хоча, каб іх імёны дзесьці было відаць. Пра гэтыя рэпрэсіі заўсёды замоўчваюць. Людзям пагражаюць, што калі нейкая інфармацыя выйдзе, то ім будзе горш. Вядома, што яны ўсе гэтага баяцца, таму гэта вельмі добра, што іх імёны, твары становяцца публічнымі, вядомымі і ў Еўропе, паўсюль, супраць іх уведзеныя персанальныя санкцыі.

РР: Зараз у грамадстве развіваецца дыскусія пра пытанне адказнасці, усе гэтыя людзі, суддзі ў тым ліку, павінны будуць адказаць.

Марына Касінерава: Канешне, па законе, за тое, што яны рабілі супраць людзей, яны павінны адказаць. І гэта нармальная такая практыка незалежна ад таго, калі будуць нейкія дамоўленасці ці будзе там дэмакратыя ў Беларусі. Людзі павінны несці адказнасць за дзеянні, якія яны зрабілі.

РР: Праходзяць чарговыя рэйды па сем’ях палітвязняў і былых палітзняволеных у Беларусі. Завяршаецца 2024 год, атмасфера страху? Ці можа ў вас нейкія іншыя словы ёсць, каб гэта ахарактарызаваць?

Марына Касінерава: Гэта ўжо даўно, гэта не толькі зараз, у лістападзе або ў снежні. Людзі даўно ў Беларусі жывуць у атмасферы тэрору, які разварочваецца супраць іх. Чым бліжэй выбары, тым больш гэты тэрор нагнятаецца, таму што літаральна месяц таму быў такі чарговы рэйд па сваяках палітвязняў і саміх палітвязняў. І гэта закранула вельмі шмат людзей, і актывістаў у тым ліку, якія былі актыўныя ў 2020 годзе. Мы ведаем, што людзі апынуліся ў СІЗА па такіх сур’ёзных артыкулах як здрада дзяржаве, там вельмі вялікія тэрміны пагражаюць людзям. Вядома, што ніякай публічнай інфармацыі пра гэта няма, бо ўсе запужаныя. Інфармацыя ўжо даўно не перадаецца, бо кожная ініцыятыва з’яўляецца экстрэмісцкім фармаваннем, за што таксама пагражае крымінальная адказнасць, калі яны нешта камусьці паспрабуюць паведаміць. Так, людзі жывуць у татальным тэроры.

Праваабаронцы нагадваюць: па стане на 17 снежня ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 1278 чалавек. Па розных ацэнках колькасць людзей пацярпелых ад палітычнага пераследу значна большая.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя