BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Марына Касінерава: На дзейнасць нашай арганізацыі “экстрэмісцкі” статус ніяк не ўплывае

Напісанне лістоў да палітвязняў знаходзіцца ў прававым полі. Іншая справа – наколькі цяпер бяспечна распавядаць публічна пра такія дзеянні ды пазначаць у якасці адваротнай сувязі сапраўдныя імёны і прозвішчы. Падрабязней – у гутарцы Алісы Поль з нашай сённяшняй Госцяй Рацыі, прадстаўніцай ініцыятывы дапамогі палітзняволеным у Беларусі dissidentby Марынай Касінеравай:

РР: Давайце распавядзём пра прызнанне вашай арганізацыі, вашай структуры экстрэмісцкай. Чаму так адбылося і што гэта значыць для вашай ініцыятывы?

Марына Касінерава: Наша ініцыятыва даўно была прызнаная як экстрэмісцкія матэрыялы, але зараз вось прызналі экстрэмісцкім фармаваннем, што значыць, што людзі, якія дасылаюць нам інфармацыю або супрацоўнічаюць з намі, могуць ужо атрымаць не толькі нейкую адміністрацыйную адказнасць як за распаўсюд матэрыялаў, але трапіць пад крымінальны пераслед.

Пад такое прызнанне трапляла шмат і праваабарончых ініцыятываў, і тых, хто дапамагае, і розных медыя. Гэта робіцца толькі для таго, каб пакінуць гэтую Беларусь у вакууме, каб людзі баяліся нешта напісаць, паведаміць камусьці, атрымаць дапамогу. То бок сістэма робіць усё, што ў яе сілах. А ў яе сілах вельмі шмат, бо нічога не працуе, ніякі такі закон, што скажуць, тое і будзе. Гэта спроба задушыць і салідарнасць, і распаўсюд інфармацыі, і дапамогу людзям. Таму нічога дзіўнага. У нас гэта нічога не змяняе, бо мы ніколі не думалі, што будзе неяк лёгка, мы заўсёды былі падрыхтаваныя да працы ў складаных умовах, таму для нас асабліва нічога не змяняецца.

Але людзям, якія знаходзяцца ў Беларусі, безумоўна, варта з нагоды розных такіх вычварных законаў паводзіць сябе даволі бяспечна ў сеціве і разумець, да якіх наступстваў можа прывесці тое, што яны могуць не выдаляць паведамленні, пакідаць нейкі інфармацыйны след. Таму ўжо час настаў і важна вучыцца такой бяспецы, як карыстацца смартфонамі, як карыстацца бяспечна сацыяльнымі сеткамі. Шмат інфармацыі ёсць у інтэрнэце, ёсць ініцыятывы, якія гэтым займаюцца, дапамагаюць кансультаваць, таму ніколі не позна пачынаць гэта рабіць для сябе, сваіх блізкіх і знаёмых.

РР: Як гэты новы статус будзе ўплываць на дзейнасць вашай арганізацыі?

Марына Касінерава: На дзейнасць нашай арганізацыі гэты статус абсалютна ніяк не ўплывае. Мы заўсёды гатовыя да рэпрэсіўных тактык у дачыненні тых, хто там стаіць у апазіцыі да дзяржавы або стварае для яе нязручнасці.

Паколькі ініцыятыва dissidentby прызнаная экстрэмісцкай, то шэраг суполак у “Фэйсбук” былі альбо выдаленыя, альбо абмежавалі свой доступ для карыстальнікаў. Але па-ранейшаму можна скарыстацца базай адрасоў палітвязняў праз сайт dissidentby.com.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя