Улады Беларусі прызналі ўсе сацыяльныя сеткі спартоўкі і сяброўкі Каардынацыйнай Рады Марыны Зялёнай «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Марына звязвае гэта са сваёй грамадскай дзейнасцю ў Грузіі:
-Я “экстрэмістка”, бо знаходжуся ў двух экстрэмісцкіх фармаваннях. Гэта, як я зразумела, Nastaunik.info і Каардынацыйная рада. І спачатку ў мяне экстрэмісцкім матэрыялам з’яўлялася мая старонка ў фэйсбуку, а ўчора далучылася мая інстаграмная старонка. І мне крыху незразумела, навошта гэта рабіць.
На думку Марыны Зялёнай, яна ў сваіх сацсетках «посціла» толькі пазітыўную інфармацыю:
-Я там шмат публікую таго, з чым мне даводзіцца сутыкацца: і мае размовы з міграцыйнымі службамі, і маю працу. Прыходзьце да мяне на трэніровачкі ў Тбілісі, калі хочаце мяне падтрымаць і патрэніравацца ў добрым настроі сярод беларусаў. Кветкі публікую. Можа кветкі пужаюць спецслужбы ці сабачкі? Я не ведаю.
Марына Зялёная чакае ў Грузіі рашэнне па міжнароднай абароне, бо ў яе сына скончыўся пашпарт, а таксама яна прымае актыўны ўдзел у дзейнасці беларускай дыяспары ў Грузіі.
Беларускае Радыё Рацыя






