Спачатку ўкраінскія гарады пачулі гэтае слова як гук – характэрны, механічны, працяглы, часцей за ўсё начны. Без дакладнага разумення, але такі, з якім немагчыма памыліцца. І толькі потым «шахед» стаў словам навін.

За чатыры гады поўнамаштабнай вайны ва Украіне змянілася амаль усё. Яна, быццам шчупальцы гіганцкага кальмара, дацягнулася нават да дзіцячых гульняў: калі бацькі забіраюць дзяцей з сховішчаў у дзіцячых садах (вымушаная мера праз пастаянныя трывогі), малыя дома гуляюць у «паветраную\ трывогу».
Змены адбыліся і ў тых сферах, якія заўсёды здаваліся “па-за палітыкай”. Але толькі здаваліся. Мастацтва і спорт – як бы ні імкнуліся да незалежнасці – усё адно непазбежна з ёй судакранаюцца. Асабліва падчас вайны. Увесь свет даведаўся пра ўкраінскага спартсмена-скелетаніста, якога перад пачаткам спаборніцтваў на Алімпіядзе-2026 дыскваліфікаваў Міжнародны алімпійскі камітэт – з-за выявы спартсменаў, загінулых ад вайны, на ягоным шлеме. Такім жа чынам і мастацтва існуе «ўнутры вайны»: здымаецца кіно, пішуцца кнігі і музыка. У новым кантэксце.
Аркестр з Кіеўскай вобласці паклаў на музыку гукі беспілотніка і стварыў уверцюру пад назвай «Шахед». Музыкі, ноччу чуючы гул дронаў у небе, пераклалі гэты досвед у гукавую карціну: атакі дронаў-камікадзэ, сігналы трывогі і працу ўкраінскай супрацьпаветранай абароны. Кампазіцыя адлюстравала штодзённую рэальнасць украінцаў, хаця не ўсе слухачы адрэагавалі ўхваляльна. Для часткі людзей гэтая музыка стала траўматычнай.
Самі ж музыканты называюць уверцюру «спосабам выражэння ўстойлівасці, акустычным досведам і музычным помнікам тым, хто абараняе краіну ад агрэсара». Гукі, якія павінны палохаць, робяцца матэрыялам для творчасці. І для гісторыкаў, якія калі-небудзь будуць шукаць, чым жыла Украіна ў гэтыя гады, дастаткова будзе паслухаць уверцюру «Шахед».
Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя






