BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Міхаіл Андрасюк: Адчуваецца, што Бяляцкі нясе канкрэтную місію

У аўторак, 10 снежня, міне два гады ад часу, калі была афіцыйна прызнаная Нобелеўская прэмія міру Алесю Бяляцкаму, беларускаму праваабаронцу, стваральніку праваабарончага цэнтру «Вясна». А днямі ў Беластоку выйшла якраз кніга, прысвечаная лаўрэату.

З гэтай нагоды Юрка Ляшчынскі паразмаўляў з Міхалам Андрасюком і Уладзімірам Хільмановічам.

Юрка Ляшчынскі:

– Больш за два гады Алесь Бяляцкі знаходзіцца ў зняволенні. “Радыё Рацыя”, “Ніва”, Беларускі цэнтр памятаюць пра гэта, і вось днямі выйшла кніга, якая мае загаловак “За беларускае жыццё, Алесь”. У гэтай кнізе ёсць розныя матэрыялы, між іншым, але перадусім, якія гучалі на “Радыё Рацыя”, былі і ў “Ніве”. Аўтарам большасці матэрыялаў, якія гучалі на “Радыё Рацыя”, з’яўляецца Міхась Андрасюк. Гэта была перадача “Вочы ў вочы” ў 2017 годзе пасля першага зняволення Алеся Бяляцкага.

Міхал Андрасюк:

– Так, памятаю, і калі гляджу гэтую кнігу, аж дзіўлюся, як шмат мы тады нагаварылі. А запісвалі мы гэтыя размовы ў Белавежы, у аграсядзібе, не спяшаючыся, два, а можа тры дні сядзелі і размаўлялі. А пасля яшчэ паехалі ў маю родную Войнаўку, паказаў я Алесю нашае памежжа, Белавежскую пушчу, пасядзелі пад старымі дубамі, побач з вёскай Круглэ ў сэрцы пушчы. Ну і так гэта атрымалася. Пра што размаўлялі? Пра ўсё размаўлялі. Пачынаючы з дзяцінства, з маладых гадоў, студэнцкія часы, служба ў войску, пра прыватныя справы, напрыклад, як пазнаёміліся Алесь і Наталля. Такія былі размовы.

Юрка Ляшчынскі:

– У гэтай кніжцы тут яшчэ і цікавыя здымкі. Напрыклад, калі яны пабраліся шлюбам. То гэта таксама цікава. Ведаю, што размаўлялі таксама пра “Баскаў”. “Баскі” — гэта іхны гурт такі быў, у студэнцкія часы. Штосьці такое, не звязанае з праваабарончай дзейнасцю.

Міхал Андрасюк:

– Так, бо ў студэнцкія часы Алесь яшчэ не быў праваабаронцам. Можа, нейкія напэўна схільнасці і зацікаўленні гэтай праблемай у яго былі. Але быў проста студэнтам. А “Баскі” — чатыры хлопцы, якія склалі гэты гурт у Гомелі, чатыры студэнты. “Баскі” — гэта Бяляцкі, Акулін, Кавалёў і Скачыньскі. Быў у свой час гэты гурт досыць папулярны. І адзін з гэтых хлопцаў, Эдуард Акулін, застаўся ў музыцы па сённяшні дзень.

Юрка Ляшчынскі:

– У міжчасе ў Алеся Бяляцкага быў музей Багдановіча. Але ў кніжцы ёсць больш пра праваабарончыя справы. Уладзімір Хільмановіч таксама праваабаронца з аб’яднання “Вясна”.Менавіта ваша супраца, бо то шырокая арганізацыя была “Вясна”.

Уладзімір Хільмановіч:

– Перш чым адказваць, я ўсё-такі хачу задаць Міхасю адно пытанне. Мы ўсе ўтрох досыць добра ведаем Алеся Бяляцкага. Ты, Міхась, запісваў сотні людзей, многіх запісваў у нашай рубрыцы “Вочы ў вочы”. Чым, на тваю думку, Алесь Бяляцкі як суразмоўца вылучаецца?

Міхаіл Андрасюк:

– Ягонае стаўленне да ўсяго, што беларускае. Такое вельмі цёплае, вельмі нават не ведаю, па-дзіцячы захапляльнае, па-бацькоўску адказнае. І адчуваецца, што гэты чалавек нясе канкрэтную місію, што гэта для яго не праца, не занятак, не заробак, гэта для яго місія. І ў размовах абсалютна гэта ўсё прагучала, гэта ўсё адчувалася.

Уладзімір Хільмановіч:

– Юрка запытаўся, чым вылучаецца “Вясна” і як Бяляцкі грунтаваў людзей у “Вясне”. Можна сказаць, што “Вясна” грунтавалася на некалькіх падставовых рэчах. Гэта, па-першае, нацыянальнае адраджэнне. Гэта істотна, гэта адзін з такіх кутніх камянёў, на чым закладалася “Вясна”. Ну і, канешне, абарона правоў чалавека. Неяк у звязку, вельмі доўга, гэтыя дзве рэчы былі асновамі ў дзейнасці “Вясны”. І таму людзі прыходзілі з беларускіх асяродкаў у “Вясну” з розных рэгіёнаў Беларусі, з розных гарадоў, раённых, абласных гарадоў. І фактычна, гэта была ўся каманда беларускамоўных людзей, што вельмі важна.

– Людзі, якія дбалі пра пранацыянальныя каштоўнасці, таму што абарона правоў чалавека пачыналася ад абароны ў агульным нацыянальных вартасцяў, калі вядома, што была жудасная русіфікацыя, калі была дыскрымінацыя па моўнай, па нацыянальнай прыкметах. Пагэтаму гэтыя дзве рэчы, гэтыя дзве з’явы, яны непарушна звязаныя ў дзейнасці «Вясны».

Юрка Ляшчынскі:

– Такой прычынай і дзеля ўзнікнення ці заснавання “Вясны” быў прыход Лукашэнкі да ўлады і тое, што ён пачаў антыбеларускія дзеянні, рэформы. Памяняў сцяг, парламент, герб. І тады «Вясна» пачала гуртавацца, увогуле ўзнік.

Уладзімір Хільмановіч:

– 1996-ты год. На пачатку гэтая праваабарончая арганізацыі “Вясна-96”. Гэта ўзнікла пасля разгону масавай акцыі ў Менску. І тады відавочна стала, што Беларусь патрабуе стварэння такой структуры, такой супольнасці, якая будзе бараніць правы чалавека і бараніць нацыянальныя вартасці ва ўсіх праявах магчымых.

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

Беларускаму праваабаронцу Алесю Бяляцкаму ў кастрычніку 2022 года была прысуджана Нобелеўская прэмія міра, 10 снежня адбылося яе ўручэнне жонцы Наталлі Пінчук. Напомнім, што з 14 ліпеня 2021 і да сёння Алесь Бяляцкі знаходзіцца ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, яму было прысуджана ажно 10 гадоў зняволення.

Беларускае Радыё Рацыя