З нагоды Жаночага дня ў тг-канале былога палітвязня, палітыка Мікалая Статкевіча з’явіўся допіс.

«Сотні нашых пяшчотных, разумных, прыгожых, адчувальных жанчын апынуліся ў нялюдзкіх месцах, дзе штодня сустракаюцца з грубасцю, прымусам, падаўленнем, у чужым і далёкім ад іх сацыяльным асяродку. Для іх сённяшні дзень гэта толькі балючы напамін пра страчанае нармальнае жыццё сярод блізкіх, пра кветкі, падарункі і віншаванні ў тым, былым жыцці. Мне бывае балюча і сорамна за тое, што мы дазволілі такое. Таму ў гэты дзень я віншую жанчын-палітзняволеных. І зычу ім, найперш, хуткага вызвалення. І няхай на волі ўсе кветкі свету будуць ля вашых ног. Вы гэтага, безумоўна, вартыя! З павагай і любоўю, Мікалай Статкевіч”, – гаворыцца ў віншаванні.






