Ва ўкраінцаў ёсць толькі адзін шлях – гэта шлях да перамогі. У іншым выпадку ўся Украіна можа пераўтварыцца ва ўмоўны Марыупаль – горад, цалкам знішчаны расейскімі акупантамі.

Так кажа наш сённяшні госць гомельскі журналіст Мікола Бянько, з якім мы размаўляем напярэдадні другой гадавіны расейскага ваеннага ўварвання ва Украіну:
РР: Гомель — памежны горад, і з Расеяй, і з Украінай. Гэты, пэўна, беларускі рэгіён, што найбольш і найперш адчуў падзеі, звязаныя з вайной ва Украіне. Акурат спаўняецца два гады з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. Калі вярнуцца на два гады назад, можа трошкі раней, прыгадаю, тады прайшлі буйныя сумесныя расейска-беларускія вучэнні вайсковыя. Пасля гэтага расейскае войска і тэхніка заставаліся на тэрыторыі Беларусі. Ці адчувалі вы на той момант, што нешта ўжо можа адбывацца?
– Калі гаварыць пра перыяд, што папярэднічаў поўнамаштабнаму ўварванню Расеі ва Украіну, мы яшчэ жылі ў Гомелі, і я помню свае эмоцыі, як я ўпершыню ўбачыў расейскія войскі на вуліцах нашага горада. Рэакцыя, калі коратка, была такая, што нібы марсіяне прызямліліся. Хоць я журналіст, і заўжды адсочваю інфармацыю рознага плану ў розных крыніцах і напэўна больш інфармаваны, чым сярэдні гамяльчук, але нават для мяне гэта стала непрыемным сюрпрызам, як на вуліцы выгружаюць цэлыя эшалоны расейскай тэхнікі, гэта відавочна былі не беларусы, форма адрознівалася, і яны напоўніцу былі загружаныя, працавалі хутка. Было відаць, што нешта сур’ёзнае адбываецца і гэта не падобна на нейкія стандартныя вучэнні, што раней адбываліся. Потым мне пісалі людзі з розных раёнаў Гомельшчыны, паведамляючы, што там праехала калона, 50 мазаў, там танкі з’явіліся расейскія, там эшалон праехаў. Нас стала гэта напружваць. Мы зразумелі, што нешта сур’ёзнае будзе адбывацца, але мне падавалася, што Расея хоць, як казаў адзін палітык, вар’яцкая ашалелая бензакалонка, але не настолькі ашалелая, бо лёгка было спрагназаваць, што ўкраінцы будуць змагацца, што яны ніводнага кіламетру не аддадуць без бою, і што будуць шалёныя страты, і гэта самазабойства ў лабавую атаку ісці на Украіну. Мне падавалася, што яны пакінуць войскі для акупацыі Беларусі. Але па факце выйшла, што расейцы пайшлі ва-банк і зрабілі тое, што планавалі доўга.
РР: Тое, што адбылося, уначы і раніцай 24 лютага стала нечаканым усё ж такі?
– І чаканым, і нечаканым. Ужо канкрэтна на момант пачатку вайны я выехаў за мяжу, быў у Грузіі, і помню, як расказваў сваім калегам-журналістам, як я бачыў рух калонаў расейскіх, калі мы з Гомеля ехалі ў бок Менска і ўвесь час паралельна з намі ўвесь час паралельна з намі саставы гружанай тэхнікі ішлі, у Рэчыцы недалёка ад вакзалу цэлае поле было ў расейскіх панцырніках, і яны адчувалі сябе як дома. А мы нічога не маглі зрабіць з гэтым, бо яны былі як арда. То бок у адзін момант з’явілася вялізная армія, і мы непадрыхтаваныя, як напад іншапланетнікаў. І я расказваў пра свае назіранні сваім калегам і яны таксама несур’ёзна ставіліся, бо народ беларускі прывучылі, што заўжды адбываюцца маштабныя вучэнні з расейцамі, у адным рэгіёне, у іншым, з такой назвай, з іншай, з такой легендай, з іншай, але сэнс такі, што яны прывучылі. Але колькасць канцэнтрацыі войска падказвала, што будзе штось нетыповае і ў гэтым сэнсе можна было прагназаваць, што будзе нейкае сутыкненне поўнамаштабнае. З іншага боку ўсё адно да канца ў гэта не верылася, і калі я ўначы, працуючы за кампутарам, дазнаўся, пра тое, што пачаліся абстрэлы Кіева, у мяне быў шок, я нават да раніцы заснуць не мог, гэта было жахліва.
З госцем Рацыі гомельскім журналістам Міколам Бяньком размаўляла Яна Запольская.
Беларускае Радыё Рацыя






