BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Мімікрыя

Прыстасоўвацца да жыцця ў пэўных умовах можа кожны: у рознай ступені і з рознымі мэтамі. Часта гэта адбываецца ў меру неабходнасці і без здзелкі з сумленнем. Але існуе і змушаны, хоць і вельмі эфектыўны, спосаб самаабароны ў крызісных сітуацыях – так званая мімікрыя. Катастрофа, калі гэта адбываецца ў маштабах краіны, калі драпежнік (РФ) для дасягнення мэты прыкідваецца ахвярай (сусветная змова супраць Расеі, калі ворагі дзесяцігоддзямі прабуюць яе аслабіць і паставіць на калені).

Расейская агрэсія ва Украіне з 2014 года мімікруе пад абарону расейскамоўнага насельніцтва, як тэрарысты пад праўдашукальнікаў. Мімікравалі палітыкі, якія некалі называлі сябе дэмакратамі, а таксама незалежныя журналісты, якія сталі адчайнымі прапагандыстамі. І ўся гэтая «несапраўднасць» распаўзлася па ўсіх сферах жыцця ў РФ. Напрыклад, пры правядзенні Адзінага дзяржаўнага іспыту (АДІ) сярод выпускнікоў прыжыўся лайфхак – мімікрыраваць пад «вернага пуцінца».

То бок, для атрымання вышэйшага бала яны ў свае творы масава ўстаўляюць «ліпавыя» цытаты Пуціна. Гэта разлічана на тое, што ніхто з настаўнікаў не асмеліцца знізіць адзнаку, а тым самым паставіць пад сумнеў праўду з вуснаў любімага правадыра. Тое, што так званыя цытаты маюць у сабе трызненне, нікога не бянтэжыць. Відаць, настаўнікі баяцца і змірыліся. Ці таксама мімікравалі: інакш як адукаванаму чалавеку ўспрымаць інфармацыю аб тым, што расейская цывілізацыя бярэ пачатак ад «Рурыкава гарадзішча», а Украіна – штучная дзяржава, прыдуманая Леніным?

Але гэта рэальныя цытаты, а ёсць і выдуманыя, якія таксама залічваліся ў працах за адну толькі згадку: «На думку Пуціна, тэарэтычна вада можа закіпець пры тэмпературы +40 градусаў». Так бы мовіць, усім ворагам на злосць. А можа, ён і сам пад кагосьці мімікруе?

Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя