Станам на 27 снежня прызнаныя палітычнымі вязнямі 1131 чалавекі. Усяго з пачатку т. зв. прэзідэнцкай кампаніі-2020 такі статус атрымалі 4328 асобаў. Гэтыя лічбы называе ПЦ “Вясна”.

У месцах зняволення ўтрымліваюцца: 28 прадстаўнікоў медыя; 3 праваабаронцы; 21 лекар; 16 юрыстаў і адвакатаў. На дадзены момант праваабаронцам вядома пра сама меней 164 палітвязні, якія знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы. Сярод іх: мінімум 56 чалавек знаходзіцца ў цяжкім стане фізічнага здароўя, сем чалавек маюць інваліднасць, 26 сталых людзей, чый узрост перавышае 60 гадоў (шмат хто з іх мае вялікія праблемы са здароўем), а таксама дзесяць чалавек з ментальнымі разладамі.
Сярод палітзняволеных — 34 чалавекі ў складаных сямейных абставінах: гэта адзінокія і шматдзетныя бацькі, а таксама сем’і, дзе абодва бацькі знаходзяцца за кратамі. Мінімум 20 сямей наўпрост цяпер утрымліваюцца ў зняволенні. Так, напрыклад, сямейную пару з Гомеля — Станіслава Мачалава і Святлану Якубовіч — асудзілі за “садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці” да чатырох і пяці гадоў калоніі адпаведна. Таксама за кратамі знаходзяцца муж і жонка Наталля і Сяргей Дроніны.
У сваю чаргу ініцыятыва “Дысідэнт.бай” паведамляе пра 1177 палітычных зняволеных станам на сёння. З іх 173 жанчыны, 23 чалавекі былі адпраўленыя на прымусовае лячэнне.






