Мінюст у 2023 годзе правёў «кантрольныя мерапрыемствы» ў дачыненні да больш чым тысячы грамадскіх аб’яднанняў, паведаміў намеснік міністра Алег Кот на пасяджэнні выніковай калегіі ведамства ў Менску.
“Пісьмовыя папярэджанні вынесены ў дачыненні да 410 некамерцыйных арганізацый, — цытуе чыноўніка прэс-служба ведамства. – На падставе позваў Міністэрства юстыцыі, пададзеных у суды, ліквідаваны 11 палітычных партый, 107 грамадскіх аб’яднанняў і 2 фонды”.
Намеснік міністра Мікалай Старавойтаў, гаворачы аб рэгуляванні адвакацкай дзейнасці, рыэлтарскіх паслуг і пасярэдніцтва ў мінулым годзе, паведаміў, што камісія па ліцэнзаванні дзейнасці па аказанні юрыдычных паслуг анулявала 1180 спецыяльных дазволаў «індывідуальных прадпрымальнікаў і юрыдычных асоб”.