Мінулы тыдзень пачаўся з дзясятых угодкаў гібелі беларуса Міхася Жызнеўскага ў Кіеве на Майдане ад рук верных Віктару Януковічу «беркутаўцаў». 22 студзеня 2014 году Міхасю было 25 гадоў. Ён стаўся другім забітым пратэстоўцам. Першым быў Сяргей Ніганян.

Міхась Жызнеўскі пасмяротна атрымаў званне Героя Украіны.
У канцы 2023 году невядомыя ў грубай форме – выкінулі ў кусты – прыбралі стыхійны міні-мемарыял Міхасю Жызнеўскаму.
Названая гісторыя нагадвае пра цьмянасць беларуска-украінскіх адносінаў хоць па якіх кірунках.
Як пытаецца адзін мой знаёмы: «А нашых хлопцаў адпусцяць з украінскага войска калі ў Беларусі зноў пачнецца рэвалюцыя?»
23 студзеня можа ўвайсці ў спіс падзеяў, якія прыгадаюць пад канец году. Карнікі зладзілі затрыманне не менш за 160 сваякоў палітзняволеных. Усё праз данаты спецыяльнай ініцыятыве па падтрымцы вязняў. Некаторыя атрымалі суткі, у тым ліку жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч.
Па ўсім выглядае, што да Мікалая Статкевіча і яшчэ некаторых палітзняволеных ёсць персанальная ўвага Лукашэнкі, і катуюць іх па спецзамове дыктатара. У апошнім выпадку з Мікалаем Статкевічам – дадатковае псіхалагічнае катаванне арыштам жонкі.
Што да самой карнай акцыі, яна, магчыма, закліканая прымусіць людзей устрымацца ад дапамогі палітзняволеным.
На што кіраўнік ініцыятывы ByHelp Аляксей Лявончык рэгулярна нагадвае, што ўжо чацверты год ні кэгэбісты ні губазікі не могуць знайсці каналы перадачы фінансавай падтрымкі ў Беларусь.
Зняволеныя ды іх сем’і без дапамогі не застануцца.
Прызнанне чарговых медыя пляцовак «экстрэмісцкімі», у тым ліку «Радыё Рацыя». Хоць «Радыё Рацыя» робяць беларусы найперш для беларускага слухача па абодва бакі польска-беларускай мяжы, па дакументах «Рацыя» – польскі медыя.
Запусціўшы канвеер рэпрэсій, у тым ліку супраць медыяў, якія працуюць на беларускага спажыўца, лукашэнкаўскія «органы» заходзяць на чужую тэрыторыю ў простым і пераносным сэнсе.
Зрэшты, калі які-небудзь пракурор ці суддзя хоча праславіцца на ўвесь свет, то хай прызнае «экстрымісцкім» ВВС ці «Нью-Ёрк таймс».
«Адмаўленне генацыду беларускага народу» прыляпіў да мысляра і пісьменніка Сяргея Дубаўца следчы камітэт. А таксама яшчэ пяць рознага ўзроўню «экстрэмісцкасці» артыкулаў.
Мяркую, што мы бачым пробны ўдар, бо па Сяргею Дубаўцу лукашэнкаўскія «органы» цэляць як па канцэптолагу сучаснай Беларускай нацыянальнай Ідэі. І адначасова як па прынцыповаму развянчальніку «рускамірскасці» у Беларусі, да якога прыслухоўваюцца беларускія і не толькі лідары меркаванняў.
Не здзіўлюся, калі мы пабачым наступныя ўдары па носьбітах Беларускай Ідэі.
На мінулым тыдні Менскі гарадскі суд пачаў завочна разглядаць крымінальную справу супраць сябраў арганізацыі былых сілавікоў «BYPOL». 6 чалавек вінавацяць у «дзяржаўнай здрадзе» і «актах тэрарызму».
Як той казаў – з усіх бакоў.
Бо паралельна з байполаўцамі рознага кшталту «экстрэмістамі» прызнаныя два дзясяткі беларускіх палітычных аналітыкаў.
Ідэолагі назвалі іх «аналітыкі Ціханоўскай». Праўда, далёка не ўсе з пералічаных «органамі» аналітыкаў селі б у адной канферэнц-залі. Што ж, імя Ціханоўскай робіцца самастойным паняццем.
А з боку лукашыстаў ёсць разуменне, што колькі не саджай за лайкі і перапосты, сіла ў інтэлекце, а праявам аналітычных здольнасцяў дзяржаўныя рамкі не патрэбныя.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя






