25 лютага на тэрыторыі, падкантрольнай лукашэнкаўцам, – мерапрыемства пад назвай «выбары ў парламент». Людзі часта задаюць пытанне навошта выдзяляць столькі рэсурсаў, калі «дэпутатаў» прызначаюць? Калі ўсе ўсведамляюць, што ўдзельнічаюць у шоу?
Мяркую, галоўнае на экраны і маніторы гледачоў не трапляе. Выбары як шоу сапраўды важная для дыктатара дзея, якая дэманструе сілу трымальніка ўлады. Маўляў, вось гэтыя змагары нічога зрабіць не могуць, а разумныя людзі імкнуцца пад крыло самага моцнага.
У савецкія часы з выбараў зрабілі свята – свята яднання вакол крыніцы ўлады пад назвай КПСС. Лукашэнка колькі не спрабаваў імітаваць савецкую рыторыку, атрымлівалася бутафорыя. Бо СССР быў самадастатковым палітычным монстрам, а Лукашэнка без падтрымкі Крамля быў і застаецца пустым месцам.
Сёлетнія «выбары» для Лукашэнкі ўнікальныя. Дэ-факта адбываюцца агледзіны ўсёй ягонай армады ўнутраных войскаў самых розных відаў.
Рыторыка пра пагрозу NATO – для расейскіх кіраўнікоў другой рукі. Галоўнае пагроза для рэжыму Лукашэнкі – беларусы. Большасць у 2020 годзе выразна абазначыла сваё жаданне шляху пераменаў.
24 лютага беларуская арганізацыя ў замежжы BelPOl зладзіла бліскучую акцыю – больш як на дзвюх тысячах маніторах у публічных месцах па ўсёй Беларусі быў прадэманстраваны відэаролік са зваротам Святланы Ціханоўскай: «У дзень «без выбараў» зрабі правільны выбар: застанься ўдома. Нам прапануюць зрабіць выгляд, што мы выбіраем. Але гэта падман. Будзе сітуацыя, калі наш удзел прывядзе да перамен. А сёння не ўдзельнічай у падмане.
Таксама Святлана Ціханоўская асудзіла расейскую агрэсію ва Украіну. 24 лютага споўнілася два гады поўнамаштабнай вайны Крамля супраць украінскага народу.
Дзве тысячы манітораў у метро, банках і гандлёвых цэнтрах – гэта пагалоска па ўсёй краіне. Прычым з вуснаў у вусны, калі нельга перахапіць размову, ці скапіяваць перапіску. І гэтая супольная акцыя «белполаўцаў» і офісу Святланы Ціханоўскай» азначае наступнае.
1. Гэта дэманстрацыя магчымасцяў. Адкрыты намёк на тое, што рэсурс супрацьдзеяння лукашыстам значна большы, чым можа выглядаць.
Я ўпэўнены, што калі б хоць бы ў адной краіне прызналі Беларусь акупаванай тэрыторыяй, гэта дазволіла б мясцоваму заканадаўству з разуменнем ставіцца да дзейнасці беларускіх хакераў-партызанаў. І не толькі іх. Хоць у сучасным свеце хоць якая барацьба не магчымая без электроннага складніку.
2. Гэта абясцэньванне, і нават абнуленне, высілкаў прапагандыстаў, і, зразумела, грошай на іх выдзеленых.
На мінулым тыдні пачаліся ўгодкі цэлага шэрагу знакавых падзеяў, звязаных з Украінай. Галоўная дата – 20 лютага, калі ў 2014 годзе ў цэнтры Кіеву невядомыя расстралялі дзясяткі чалавек. Прэзідэнт Януковіч, які напярэдадні сабраўся стаць дыктатарам кшталту Лукашэнкі, прайграў Майдан і ўцёк у Расею.
Тады ж 20 лютага ў Крым пачалі прыбываць расейскія войскі без апазнавальных знакаў, якія 28 лютага ўжо адкрыта захапілі Крым.
Ва Украіне 20 лютага прызнаны днём пачатку расейскай вайны супраць Украіны. Хоць дэ-факта гаворка пра Трэцюю сусветную вайну.
25 лютага прыйшла звестка пра сыход з жыцця журналіста і рэдактара Андрэя Александровіча, які на момант смерці ачольваў выданне «Беларусы і рынак».
Андрэй Александровіч як большасць незалежных журналістаў быў вымушаным выехаць з Беларусі, паколькі выданне трапіла пад рэпрэсіі. Летам бягучага году Андрэю Александровічу мусіла споўніцца 50 гадоў.
Беларускае Радыё Рацыя