BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Мінуў тыдзень

На мінулым тыдні Аб’яднаны Пераходны кабінет падаў справаздачу пра размеркаванне сродкаў, сабраных падчас «‎Марафону салідарнасці».

Сама грамадская акцыя адбылася 29 і 30 ліпеня 2023 году. Тады беларусы розных краінаў свету сабралі каля шасціста тысяч долараў на падтрымку палітзняволеных, іх сем’яў, а таксама беларусаў, якія выехалі за мяжу праз палітычны пераслед ці пасля яго.

Вось асноўнае са справаздачы:

«Па стане на 17 студзеня для дапамогі палітзняволеным у арганізацыі і фонды ўжо пераведзена 509 800 еўра з 545 740,22 еўра».

«Марафон салідарнасці» стаўся таксама моцным эмацыйным штуршком для людзей, якія апынуліся ў складанай сітуацыі праз карныя захады лукашыстаў.

Ад сябе дадам, што гаворка пра перыяд, калі далёка не ўсе беларусы замежжа могуць сабе дазволіць данаціць грошы, бо самі часта знаходзяцца ўскладанай сітуацыі вымушаных эмігрантаў, якія існуюць у рэжыме выжывання.


На мінулым тыдні прыкметна прагучала краіна пад назвай Башкартастан, вядомая таксама як аўтаномная рэспубліка ў складзе Расеі. Дэ-факта гэта адна з калоніяў Крамля, дзе карэнны этнас башкіры знаходзіцца ў прыгнечаным стане.

У Башкартастане 15 студзеня пачаўся пратэст, які цалкам яшчэ не спыніўся. Гучаць самыя розныя прэтэнзіі да крамлёўскага кіраўніцтва. Нам беларусам важна, што Крэмль мусіць адцягваць сілы на ўнутраныя праблемы.

А башкірам ды іншым скораным народам Расеі хочацца пажадаць перамогі.


З 20 студзеня ва Украіне ідзе фестываль дакументальнага кіно «1084. На мяжы». У Кіеве і Тэрнопалі пройдуць заключныя афлайн-паказы беларускіх дакументальных стужак, а таксама будуць арганізаваныя круглыя сталы для абмеркавання балючых пытанняў і адносінаў паміж двума народамі.

Гэта інфармацыя з медыяў. Хачу адзначыць, што да 24 лютага 2022 году самым балючым пытаннем для шмат якіх беларусаў была падтрымка афіцыйным Кіевам рэжыму Лукашэнкі і спроба абясцэніць Беларускую рэвалюцыю 2020 году.

Для ўкраінцаў жа пасля праходу расейскіх войскаў праз беларускую тэрыторыю раптам паўстала новая рэальнасць з боку Беларусі, з якой не было часу разбірацца.

Таму такія імпрэзы, як «1084. На мяжы» вельмі важныя для пачатку хоць якога дыялогу між суседнімі краінамі, якія маюць 1084 км супольнай мяжы, але так мала ведалі і ведаюць адна пра адну.


Спявачка Мерыем Герасіменка паспяхова эвакуяваная з Беларусі і знаходзіцца ў бяспецы, паведамляе рэсурс Reform.by.

Спявачку затрымалі напачатку жніўня 2023 году пасля выканання твораў украінскага гурту «Акіян Эльзы» на вуліцы Зыбіцкай у Менску. Той факт, што дзяўчына спявала песні на ўкраінскай мове, абурыў прапагандыстаў. Мерыем прысудзілі 3 гады хатняй хіміі.


А на завяршэнне з вамі рубрыка «Усмяхніцеся!» Жорсткі завочны двубой адбыўся між лукашэнкаўскім прапагандыстам гісторыкам Ігарам Марзалюком і філосафам Аляксеем Дзермантам.

Марзалюк заяўляе, што беларусы еўрапейцы, а еўразійства фікцыя, а Дзермант акурат будуе сваю кар’еру на еўразійстве, заігрывае з крамлёўскімі ідэолагамі і ўсяляк спрабуе і лукашыстаў падвярстаць пад утопію агульнай еўраазіяцкай цывілізацыі.

Абодва калісьці насілі бел-чырвона-белыя значкі і спавядалі беларушчыну.

А мы назіраем першы выразны факт расколу сярод ідэалагічнай абслугі рэжыму.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя