BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

„Міс Еўропа — 2024“ і іспанскі сорам

Іспанскі сорам – гэта пачуццё няёмкасці і нават ганьбы, якое ўзнікае, калі мы назіраем непрыстойныя паводзіны іншага чалавека. Штосьці падобнае адчуваецца, калі назіраеш за паводзінамі нейкай беларускай мадэлі, якая заняла трэцяе месца ў конкурсе «Міс Еўропы-2024». Конкурс гэты, хоць і называўся Міс Еўропы, але чамусьці праводзіўся ў Ліване. Але не тое галоўнае. Гэты конкурс прайшоў бы незаўважаным для большасці беларусаў, калі б на ім не здарыўся скандал з удзелам беларускай удзельніцы.

Ірына Максімовіч. Здымак: Instagram / irina.ray2744

Пасля фіналу конкурсу «Міс Еўропа-2024» беларуска Ірына Максімовіч, якая, відаць вельмі добра адзначыла сваё трэцяе месца на конкурсе, пачала на ўвесь аўтобус абражаць украінскую ўдзельніцу. Маўляў, «навошта тая прыехала на конкурс голымі цыцкамі трэсці, калі ў цябе вайна». Пасля чаго ўвогуле перайшла на абразы не толькі ў бок удзельніцы, але і ў бок Украіны. Між іншым, маленькая дробязь: украінская ўдзельніца размаўляе па-ўкраінску і свой інстаграм таксама вядзе па-ўкраінску. А вось беларуская ўдзельніца размаўляла па-расейску і зусім не з беларускім акцэнтам. На старонцы ў інстаграме ўкраінскай удзельніцы некаторыя беларусы пачалі выбачацца за паводзіны суайчынніцы і тлумачыць, што гэта не пазіцыя ўсіх беларусаў. У любым разе такія паводзіны беларускай канкурсанткі, якая ў нецвярозым выглядзе выказвала абразы ўдзельніцы з краіны, дзе ідзе вайна, выклікаюць па меншай меры іспанскі сорам. І дакладна не будуць садзейнічаць наладжванню стасункаў паміж Беларуссю і Украінай.

Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя