BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Мяне фактычна выкінулі з Беларусі за прафесійную дзейнасць журналіста”

21 чэрвеня 2025 года журналіста Ігара Карнея вывезлі з Беларусі разам з іншымі палітвязнямі. За два гады зняволення ён страціў 18 кілаграмаў, перажыў месяцы ў штрафных ізалятарах, здымкі для прапаганды і нечаканую сустрэчу з прадстаўнікамі Дзярждэпу ЗША.

Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Цяпер ён на волі — але без статусу, без дакументаў, без магчымасці вярнуцца дадому. Ці лічыць ён сябе вольным цяпер? Ці гатовы ўступіць у палітычную актыўнасць у выгнанні? Як бачыць ролю Сяргея Ціханоўскага і яго «вяртанне на сцэну»? Што было для яго самым цяжкім за кратамі, ці можна было пазбегнуць турмы — і чаму БДУ адмовіўся прызнаваць яго сваім выпускніком?

Пра ўсё гэта — у адкрытай размове з нашым “Госцем Рацыі” — Ігарам Карнеем.

РР: Як Вы лічыце, ці сапраўды Сяргей Ціханоўскі мусіць стаць лідарам, і ці былі Вам прапановы ўвайсці ў КР ці іншыя органы, якія займаюцца палітыкай у выгнанні?

Ігар Карней: Я застаюся журналістам. Задача журналіста, у прынцыпе, захоўваць пэўны нейтралітэт, нават калі ёсць нейкія сімпатыі, да палітычнай дзейнасці я наўрад ці саспею. А што тычыцца Ціханоўскіх, то Святлана крыху з палёгкай уздыхнула, гэтая місія даецца даволі цяжка. Чалавек быў не падрыхтаваны да пагружэння аж такога глыбокага ў палітычныя нюансы. Тут людзі па 20 гадоў, некаторыя яшчэ больш варацца ва ўсім гэтым, і гэта прафесійная для іх дзейнасць, і тым не менш, таксама не так лёгка для іх выплысці і штосьці ўцямнае зразумець, што адбываецца. Святлана за гэтыя гады вельмі-вельмі вырасла, яна самастойны і перспектыўны палітык. Але мне здаецца, што яна глядзіць на Сяргея як на свайго бліжэйшага паплечніка, які мусіць узяць на сябе пэўныя функцыі. Што тычыцца ягонай ролі далей, гэта даволі складана сказаць. Гэта павінны вырашыць яго паплечнікі, удзельнікі ініцыятывы «Краіна для жыцця». Натуральна, што з’яўленне Сяргея Ціханоўскага эмацыйна паўздзейнічала не толькі на саміх удзельнікаў «Краіны для жыцця», але ў прынцыпе на ўсіх людзей, на ўсіх беларусаў. Зараз на яго глядзяць хтосьці з надзеяй, а хтосьці натуральна не вельмі верыць ягоным заявам, узгадваючы ўсялякія яго мінулыя дачыненні з расейскай інфармацыйнай прасторай, і па ўкраінскіх пытаннях.

РР: Вы закранулі вельмі важнае пытанне. Вы былі ў зняволенні. Мы тут знаходзімся ў выгнанні. У нас было вельмі шмат скандалаў вакол таго, хто агент, хто – не агент.  І калі мы гаворым пра Ціханоўскага, то адно з асноўных пытанняў, якое падымаецца зараз пакрыху, ці ёсць інфармацыя пра тое, што тыя, хто быў вызвалены ў Беларусі пасля палітычнага зняволення так ці інакш могуць быць агентамі КДБ?

Ігар Карней: Не выключана, што прапаноўвалі розныя варыянты ў тым ліку і вызвалення. Што да мяне, то не сакрэтная гісторыя, што прымушалі запісвацца ў прапагандысцкім фільме, што тычыўся дзейнасці “Радыё Свабода”. На гэтым асабіста для мяне ўсё і скончылася, я паўдзельнічаў у гэтых здымках. Але ў дачыненні да іншых, магчыма, былі і іншыя аргументы ўжытыя, іншыя інструментарыі. Мне здаецца, што людзі не схільныя прызнавацца, калі яны нешта падпісвалі такога кшталту, нейкія дамовы, і тут ужо трэба проста чакаць, ці чалавек у рэшце сам прызнаецца, ці гэта неяк вылезе вонкі, таму што спецслужбы, дзяржбяспека  падстрахоўваюцца, і гэтыя паперы ёсць, напэўна, у якасці элементу шантажу, і могуць быць выкарыстаны. І напэўна варта чакаць у будучыні абнародавання некаторых гэтых распісак. Дарэчы, лозунг такі, які распаўсюджаны і ў турмах, і ў калоніях, асабліва не шчыраваць, нікому не давяраць.

Цалкам гутарка:

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя