Прапанову плануюць накіраваць у парламент і агучыць на Усебеларускім народным сходзе. Пра гэта распавёў начальнік УУС Гарадзенскага аблвыканкаму Дзмітры Разянкоў на прэс-канферэнцыі, піша «Вечерний Гродно». Пакуль дакладна не зразумела, у які кодэкс збіраюцца ўнесці артыкул за «дармаедства»: у адміністрацыйны ці крымінальны.
Яшчэ ў 2015 годзе МУС Беларусі прапаноўвала ўнесці ў адміністрацыйны кодэкс артыкул аб дармаедстве, адзначае выданне: тады гаворка ішла пра тое, каб штрафаваць паўналетніх працаздольных грамадзян, якія стала пражываюць на тэрыторыі Беларусі і больш за 6 месяцаў на год ухіляюцца ад выплаты падаткаў, мытаў і іншых плацяжоў. Для злосных ухілістаў прадугледжвалі арышт з прымусовым накіраваннем на працу.

У часы СССР дармаедства было крымінальным злачынствам, якое палягала ў «працяглым пражыванні паўналетняй працаздольнай асобы на непрацоўныя прыбыткі з ухіленнем ад грамадка карыснай працы». У БССР дармаедаў судзілі па арт. 204 Крымінальнага кодэксу. Пакаранне паводле гэтага артыкула прадугледжвала пазбаўленне волі на тэрмін да аднаго года.
Цяпер беларускім заканадаўствам не вызначана паняцце «дармаедства». Існуе іншае – «не занятыя ў эканоміцы працаздольныя асобы». Гэтыя людзі аплочваюць камунальныя паслугі па поўным кошце.
У так званую «базу дармаедаў» у Беларусі цяпер трапляюць працаздольныя грамадзяне, не занятыя ў эканоміцы, а таксама тыя, хто больш як на 30 дзён з’ехаў у любую краіну, акрамя Расеі, Кіргізстану, Арменіі і Казахстану. Іншае выключэнне – выезд на лекаванне або ў камандзіроўку.
Беларускае Радыё Рацыя






