У судзе Ленінскага раёна Менска 15 траўня асудзілі Аляксандра Саевіча паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады). Суддзя Анастасія Ачалава прызначыла Аляксандру два гады і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі») і штраф памерам 100 базавых велічыняў (4000 рублёў).
Менчука абвінавацілі ў тым, што ён 22 кастрычніка 2021 года напісаў інтэрнэт-каментар у бок старшай інспектаркі крымінальна-выканаўчай інспекцыі УУС Савецкага раёна Менска. Паводле судовай пастановы, Аляксандр убачыў у тэлеграм-канале публікацыю з фотаздымкам і асабістымі данымі інспектаркі, пад якой і пакінуў каментар у чаце тэлеграм-канала.
Міліцыянтка, пра якую быў напісаны каментар, запатрабавала 1000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.