Тэлеграм-канал ГУБАЗіК апублікаваў відэа з музыкамі Nizkiz, піша партал «Люстэрка».

«Мы, гурт Nizkiz, выйшлі на вуліцы для ўдзелу ў беспарадках, спявалі песні для пратэстоўцаў, у тым ліку для „Белсат“. Цяпер мы будзем спяваць бліжэйшыя пяць гадоў у месцах пазбаўлення волі», — кажа на відэа саліст групы.
Сілавікі не паведамілі, у чым менавіта абвінавачваюць музыкаў і паводле якіх артыкулаў. Але адзначылі, што ім пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі.
Трох музыкаў гурта Nizkiz затрымалі раніцай 5 студзеня. На наступны дзень прапагандысты з дзяржаўнага тэлебачання паведамілі пра гэта і выставілі ў сваіх сацсетках кадры затрымання. Пазней усіх траіх абвінавацілі ў «распаўсюджванні, вырабе, захоўванні, перавозцы інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць» і, як мяркуецца, прызначылі арышт.
Адна з самых папулярных песень гурта — «Небяспечна» — выйшла ў свет у 2017 годзе. У 2020 годзе Nizkiz прадставіла кліп на песню «Правілы». Як сцвярджалася, відэа здымалі ў пратэстным Менску падчас аднаго з маршаў.