
Музыку Сяргея Горлава судзяць па чатырох палітычных артыкулах. Магчымая прычына — каментары ў Telegram. Па звестках праекта Digital intelligence team, Сяргею Горлаву 45 гадоў. Ён вучыўся ў Менскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце, пазней скончыў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт. Працаваў перакладчыкам і рэпетытарам англійскай мовы. Апошняе вядомае месца ягонай працы — Інстытут імя Сахарава ў Менску. У нулявых гадох Горлаў граў у гурце «Лясное радыё», перакладаў на беларускую мову іншамоўныя песні. Сяргея затрымалі ў лютым бягучага году.
Суд пачнецца 1 лістапада ў Менскім гарадскім судзе. Яму закідаюць «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», «распальванне варожасці», «заклікі да санкцый» і «абразу Лукашэнкі». Сяргею пагражае ад чатырох да дванаццаці гадоў калоніі. Судзіць яго будзе Алена Шылько, якая вядзе палітычныя справы як мінімум з 2006-га. Яна асудзіла дзясяткі беларусаў па палітычна матываваных крымінальных справах, сярод якіх — мастак Алесь Пушкін, які загінуў у зняволенні.
Беларускае Радыё Рацыя






